Старонка:Рунь (1914).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

пьець «ханджу», як ваду, а Язэп мажыць ею ногі ат прастуды. Успомніў ён, Бог знае к чаму, што матка корміць вяпроў у хаці, і у хаці гразка. Дрэнна…

— Запанеў наш каморнік, пышэн надта Клім Раманавіч, духу баіцца… А мне, мужыку, любата, — крычэў Мікіта.

— «Які тут чорт «запанеў», — злуваў Клім. «Сьвіньні, а ня людзі», — думаў ён злосна на ўсё бадай Мордалысава. «Я вёз дамоў кніжкі, каб чытаць ім, а яны кожны вечар, кожна сьвята гуляюць у карты у Мікітавай хаці, а на кніжкі не зьвярнулі ніякай увагі… Шчэ казалі, — разумцы! — што «некалі ім займацца панскім дзелам…» І толькі гэты «сьвяты» Хлімон прасіў пачытаць, бажаў паслухаць што-небудзь «бажэственае» ды бабы гаварылі, каб ён, Клім, прачытаў ім «сьлёзна-жаласна» І што ні ступнеш, — чуіш дурацкае: «Запанеў, запышеў, гардзіцца».

— Падажджы, патрывай, Клім. Пахвір вады чыстае с калодзежа зараз прынясець. Будзем абдавацца.

— Добра, тата, тут буду — сказаў, а сам, не маючы ужо сілы вытрываць шалёнаго жару, па́ры і разам холаду каля ног, таксама вялікаго клуму, гоману, лаянкі, выйшоў, як пьяны, у прымыльнік, схапіў адзежу і рупна, як слухалісь рукі, пачаў не абдаўшыся і с прыліпшымі на целі лісьцямі ад веніка, надзевацца.

«А грэх мне казаць «дурацкае», дзе толькі цемната», — гваздом сядзела у галаве яго непазбытная думка. «Скуль жа ведаць гэтаму старому вяскоўцу, «прыгонніку» Мікіці, што ён, Клім, вучыўся не дзеля таго, каб «загрэбаць» грошы, што ён іншы, што ён жа не чураецца вёскі, любіць