Старонка:Рунь (1914).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

занесеннай дарозі, хуркаў і порскаў белаю параю у бокі. Палозьзя безустаньня скрыпела, звінела, йграла, пеяла, і разам з маўчлівым відам увабраных у белае бяроз, застыхшых абапол дарогі усё наводзіла на пана войта нуду і маркоту.

Пасьля мадэры, што паднесла сама пані, троху вяла ў галаве. У горлі было прыкра-гаркавата пасьля надта масьляных сырнікаў, каторымі частаваў кухар.

«Усё ладна, усё добра, паны здаволены, што патрапілі дагадзіць гасьцям і вясёла прагулялі масьлянку, чаго ж болі?»

Войт сярдзіта варухнуўся і засоп, даргануўшы каня за вожкі.

«Не-е, на канец чорт пацягнуў пана за язык пахваліцца прыгожымі дзеўкамі… На войта нарэканьня, а што тут войту?!.»

Злосна засморгаў вожкамі і збачыў пад узгорак к хатам, што цямнелі там каля рэчкі.

«Яму, старому, трэба езьдзіць за ўсякаю каланіцаю, бытцым німа каму ешчэ з дваровых»…

Конь, пачуўшы цёплы дух, замахаў храпаю з абмёрзлымі вусамі, забарабаніў, зьбегшы з горкі, па вузенькаму мосту і незабавам рухава падвёз санкі к крайняй хаці, гдзе ўжо запалілі лучынку.

Кароткі зімовы дзень мінуў. Неба, цёмнае, пахмурнае, злое, было чырванейшае на захадзі і пагражала аттуль страшэнным марозам.

Войт злез, кінуў каня падляцеўшаму хлопцу і пашоў у хату.

Улез с холадам у невялікіе дзьверы, пахлопаў у парозі валенкамі і хрыпата і важка кінуў, агледаючыся па хаці: