Старонка:Рунь (1914).pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сенцы запёр і за вороты, па двару, на гарод к гумну пайшоў.

Чорна і цёмна. Сьцюдзёны вецер і прыкры дождж — а са ўсіх бакоў, і пятухі ні пяюць, і сабакі сьпяць, ня брэшуць.

Глядзіць Янка па бакох,—нічога не відаць, але страшнеіць яму неяк… А можа аттаго, што нічога не відаць?

Ху! Нехта цёмны баўтануўся з-за старые ігрушы… Не, гэта сьліўка кіўнулася.

Далі к гумну ідзець Янка, а на галаве скура халадзеіць…

Узыйшоў на гумно. Цяпер толькі да асеці.

Ступіў колькі сігоў, на саху налез, цупнуўся. Ашчупаўся—павесялеў.

Во й падасецьця. Падыймаіць дошку… — «А ці ні вярнуцца шчэ? Ці ня кінуць усё гэта? Сьмеяўся ж некалі, вясёлы быў… Што я вытвараю, што я вытвараю?»

Ад’ехала дошка на бок, палез у падасецьця… Цёмна, ціха копацьцю пахніць гуменнаю.

Адна прыступка, другая… Абшаснуўся на трэцьцяй у поцемку, скокнуў адразу на под, а земля з няшчыльнай сьценкі: «Гур-р-р…» пасыпалася…

Сэрцэ закалацілася. Прысеў да зямлі і, хапаючыся, проскуркаю круг абводзіць пачаў. «Што там па чорнай кнізі? Як там па ёй?»—Зашэптаў ня чутна: «Сіла таёмная-чорная, сіла бязплотная-грэшная, сіла нячыстая Анціхрыстава, на паслухменства гукаю цябе раз, у другі, у трэцьці!..»

Раз ужо перэказаў і абвёў проскуркаю Янка і якбы супакоіўся, а ізноў: «Шпяк!» зваліўся камок зямлі са сьценкі каля жэрала. Пасьцюдзянела сьпіна, рукі і ногі. Грамніцаю сьвятою пачаў абводзіць, шэпчыць хрыпата: «Люцыпар,