Старонка:Рунь (1914).pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Распляці і мне, распляці-і мне… Ўсё, ўсё табе аддам, на векі шчасьліў будзіш, а сабак, слуг маіх верных, ня бойся. Ой, пашкадуй ты мяне, распляці ж, распляці мне косы мае, о-о-о!..

Закалацілася серцэ у Янкі, падыйшло пад горла ад жалю, і сьлёзы накруціліся.

А сабакі так і гаркочуць, так і выскаляюцца, агонь з роту пышыць, а зубы, што кляцы зялезные.

Расьпіразаў Янка свой чырвоны паяс: «Ніхай крапчэй сабак прывяжыць», падумаў і кінуў княжне маладой.

Загрымела скрыня, зазьвякалі грошы ў ёй, як шалёная: «Ой! баліць»! крыкнула княжна, быццым той паяс агнём пекануў яе.

— Зачапіў ты мяне, а ня вызваліў, буду я мучыцца ешчэ столькі, — заплакала яна жалобна і злосна—будзь жа ты пракляты, як проклята я!—дабавіла і знікла пад зямлёю са скрынею, с сабакамі і с паясом Янкі…

Зьнямеў Янка.

А ўжо чорна наўкруг, як і раней, лес шуміць, заблішчэў скора і просьвіт поля Залесянскаго.


∗          ∗

Чыя ліра плакучая, чыя чутна там каля сьвентару муроваго пад старой ліпінай дуплінястою? Што гэта за старэц сьляпы з белымі, як воўна белая, валасамі і мутнымі невідушчымі вачамі іграіць там? хто ён гэты, што пяець аб княжcтві Соломерэцкім?

— То Янка Прокляты.