вяло да новае рэволюцыі-1848 г.). Вайсковыя пасяленьні ён таксама не пашыраў далей, і Аракчэева звольніў, але аракчэеўскія парадкі захаваліся цалком. Чаму так было, аб гэтым ужо пісалася раней (гл. ст. 83).
Мікалаеўскае панаваньне было прамежным панаваньнем. Прамысловы капітал ужо быў у наяўнасьці і змагаўся за ўладу з гандлёвым, але апошні пакуль-што быў гэтак моцны, што ня йшоў ні на водную відавочную уступку, стараючыся ладкуліць свайго праціўніка патайнымі патураньнямі. Найбольш адкрытым спосабам подкупу была замежная політыка, пра якую ўжо гаварылася. Але прамысловаму капіталу былі патрэбны ня толькі новыя рынкі, яму быў патрэбны, папершае, вольны рабочы, а падругое, яму быў патрэбны «грамацей дзесятнік», патрэбна была інтэлігенцыя, каб кіраваць гэтым рабочым, організоўваць прамысловасьць і кіраваць ёю. За Мікалаем у нас заснован тэхнолёгічны інстытут, зьявіліся «рэальныя» гімназіі, дзе асновай выкладаньня былі матэматыка, фізыка, прыродазнаўчыя навукі, комэрцыйныя школы, былі спробы палепшыць унівэрсытэты, падрыхтоўваючы выкладчыкаў для іх у загранічных унівэрсытэтах; гэта часткова і ўдалося. 1840-ыя гады былі бліскучымі часамі для Маскоўскага унівэрсытэту. І побач з гэтым галоўнае месца аддавалася клясычным гімназіям, дзе за аснову былі ўзяты нікому непатрэбныя старажытныя мовы, галоўным чынам лацінская. З вучняў стараліся выхаваць спраўных чыноўнікаў (для чаго ў старэйшых клясах выкладалася законазнаўства) і заахвоціць іх да адданасьці «праваслаўю, самадзяржаўю і народнасьці». Профэсароў, што вывучыліся ў загранічных унівэрсытэтах, трымалі пад срогім наглядам; дазвол прачытаць самую нявінную публічную лекцыю аб Аляксандры Македонскім, аб Тамерлане даваўся з найвялікшым трудом, чаму, разумеецца, кожная такая лекцыя рабілася чуць не рэволюцыйным здарэньнем. Надрукаваць нічога нельга было без дазволу цэнзуры, што прымушала пісьменьнікаў ужываць «Эзопаўскую» мову, а чытачоў вучыла разумець з поўслова і чытаць паміж радкоў. Пісаўся артыкул пра аўстрыйскага міністра фінансаў Бруке, а ўсе ведалі, што гутарка ідзе аб расійскім міністры фінансаў Броке. Нельга было, зразумела, і падумаць надрукаваць што-небудзь аб вызваленьні сялян, нельга было нават назваць проста прыгоннае права: а замест яго ўжывалася выражэньне «абавязковая рэнта», артыкул-жа меў назву «аб прычынах ваганьня цаны на збожжа у Расіі». Усе ведалі, што ў ім гутарка йдзе аб прыгонным праве і ні аб чым больш.
Каля прыгоннага права больш за ўсё клапаціўся і Мікалай І, але клапаціўся патаемна, вельмі баючыся, каб гэта не зрабілася вядома, крый божа, перш за ўсё памешчыкам, а потым самым сялянам. З першага-ж году свайго панаваньня, 1826, ён склікае адзін камітэт па сялянскіх справах за адным, і ўсе гэтыя камітэты былі сакрэтныя. У сваім габінэце ён тайком паказваў сваім пры-