Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

та гэтым грамадзтвам захоўвалася. Назвы гарадоў Екацярынаслаў, Екацерынадар, назвы вучэбных установаў (кацярынінскі інстытут), якія да гэтых час ужываюцца ў гутарцы, помнікі Кацярыне ў Піцеры ды іншых месцах, якія таксама яшчэ чамусьці стаяць,-усё гэта яшчэ напамінае аб ёй. За што-ж дасталася такая слава распуснай і праступнай жанчыне? Зразумела, не за тое, што яна ўмела чытаць францускія кніжкі і вясьці гутаркі з пісьменьнікамі. Удзел цароў азначаўся ня іх асабістымі ўласьцівасьцямі, а тым, ці патрэбна была і ці карысна была іх дзейнасьць тым сілам, якія стварылі капіталістычна-прыгоньніцкую дзяржаву. Мы ўжо бачылі, што Кацярына, заваяваўшы паўночныя берагі Чорнага мора, адкрыла расійскай пшаніцы шлях у Заходнюю Эўропу і штырханула наперад памешчыцкую гаспадарку чарназемных губэрняў. Але гэтым яе заслугі перад расійскім гандлёвым капіталам ня вычэрпваліся. Яна аб'яднала ў межах аднае дзяржавы ўсю расійскую нізіну, ад Бальтыцкага да Чорнага мора, прыняўшы ўдзел у так званых падзелах Польшчы.

Польскае каралеўства, як мы памятаем, таксама было адной з дзяржаў, створаных гандлёвым капіталізмам, але раней «Расійскай імпэрыі», і час яго даўно прайшоў. Калісьці, у XVІ веку, за Іванам Грозным, Польшча была супраціўніцай Масквы, трымала ў руках увесь вадазбор Дняпра і прагнала маскоўскія арміі з берагоў Бальтыцкага мора. Казацкая рэволюцыя XVІІ веку нанесла ёй першы ўдар: Днепр перайшоў у рукі Масквы, якая захапіла Kіеў. Пётра ўзяў Рыгу, і другі выхад з усходніх краін польска-літоўскай дзяржавы--Заходняя Дзьвіна-таксама трапіў у расійскія рукі. Пасьля гэтага, гэтыя ўсходнія краіны (Літва, Беларусь і частка Украіны, якая засталася за Польшчай-пазьнейшыя губэрні: Віцебская, Магілеўская, Менская, Ковенская, Горадзенская, Віленская, Валынская і Падольская) экономічна залежалі не ад Варшавы, а ад Масквы і ад Пецярбургу; не забывайма, што гэта быў век гандлёвага капіталізму, калі гандлёвыя шляхі мелі галоўнае значэньне.

Пераход усіх гэтых краін пад політычную ўладу наступнікаў Пётры быў толькі пытаньнем часу. Але ня толькі ўсходнія, а і заходнія краіны Польшчы былі амаль-што ў такім самым залежным становішчы, толькі не ад Расіі, а ад Прусіі: мы памятаем, што і адтуль выхаду да мора ня было інакш, як цераз чужыя парты-Гданьск і Кенігзьберг. Першы быў на паперы польскім, а сапраўды гэта быў нямецкі горад «вольны» (г. зн. самастойная рэспубліка), які больш цягнуўся, зразумела, да Прусіі, а другі і проста належаў прусам. Польскае дваранства разумела гэту сваю залежнасьць ад суседзяў, якія спачатку ХVІІІ веку былі дужэйшымі за Польшчу. Польскі кароль быў тады не насьледсьцьвены, яго абіраў дваранскі сойм: спачатку, каб знайсьці сабе апору супроць Прусіі, абіралі курфюрстаў (князёў) Саксонскіх, самых дужых гаспадароў ва ўсходняй Нямеччыне пасьля прускага караля. Калі