Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Елізавета таксама пакінула прастол пляменьніку, Пётру Гольштынскаму, які зрабіўся пасьля яе сьмерці імпэратарам Пётрам ІІІ. Але ён утрымаўся толькі некалькі месяцаў. Гэта быў нікчэмны, п'яны чалавек, з замашкамі унтэр-афіцэра. У яго была жонка надзвычайна хітрая і ганарлівая інтрыгантка, з бедных нямецкіх прынцэс, якую адшукала пляменьніку за жонку Елізавета, спадзяючыся на яе паслухмянства і пакорлівасьць. Яна сапраўды прыкідалася пакорлівай і адданай, гандлявала тымчасам расійскімі вайсковымі сакрэтамі (у часе сямілетняй вайны) ды, разам ужо з Елізаветай, абманвала свайго мужа, падарыўшы яму наступніка, у нараджэньні якога ён быў зусім невінаваты. Пасьля айца яе дзіцяці пры ёй зьмянілася яшчэ некалькі фаворытаў. Калі памерла Елізавета, пры ёй на гэтай пасадзе быў спрытны і адважны гвардзейскі афіцэр Орлов, які меў у гвардзіі вялізныя сувязі і вялізны ўплыў. Пётра ІІІ пасварыўся, як Гольштынскі герцаг, з Даніяй і надумаў скарыстацца сваім становішчам, як расійскага імпэратара, каб помсьціцца суседу. Але расійская гвардзія зусім не жадала ліць кроў за гольштынскія інтарэсы; Орловы (іх у гвардзіі была цэлая сям'я) гэта скарысталі. П'яны Пётра яшчэ й не разабраў, у чым справа, як быў ужо скінуты і арыштованы, а яго жонка зрабілася імпэратрыцай Кацярынай ІІ (першай была адзначаная вышэй жонка Пётры).

Скінуты Пётра быў адразу-ж забіты ў Ропшы. У Орловых маглі знайсьціся пераймальнікі, ад нявыгоднага «прэтэндэнта» (супраціўніка) трэба было вызваліцца. Як Кацярына была прадбачліва, відаць з таго, што нават цераз 15 год просты данскі казак, прыняўшы імя Пётры ІІІ, здолеў збунтаваць палавіну Расіі (гл. ніжэй аб Пугачове). Але адразу-ж давялося прыпомніць аб другім прэтэндэнце: яшчэ быў жывы ў Шлісэльбургу няшчасны Іван Антонавіч, які вырас у турме. Адзін гвардзейскі афіцэр, Міровіч, надумаў адыграць ролю Орлова ў адносінах да яго. Іван адразу-ж быў забіты, а Міровіча схапілі ды пакаралі сьмерцю. Сеўшы на прастол цераз некалькі трупаў, прычым адзін з іх быў труп яе мужа, Кацярына пачала «бліскучае» панаваньне. Яна была больш разумнай і больш адукаванай за ўсе свае папярэдніцы, перапісвалася з вялікімі эўропэйскімі вучонымі і пісьменьнікамі таго часу (Вольтэрам, Дідро), старалася зрабіцца вядомай, як протэктарша асьветы і рабіла гэта даволі ўдала. Але з боку распусты яна бадай ці ня выперадзіла Елізавету. Яна мела адразу па некалькі фаворытаў, адзін галоўны, другія другарадныя. Калі галоўным быў Поцёмкін, другарадных ëн сам і выбіраў. Яна памерла 67 год і да апошніх дзён пры ёй быў малады афіцэр Зубов. Перад сьмерцю яна хацела пазбавіць прастолу свайго сына Паула, якога яна зьненавідзела, і які ня зносіў яе, але не пасьпела гэтага зрабіць і раптоўна памерла.

Кацярына ІІ памерла, акружаная найвялікшай павагай дваранска-буржуазнага грамадзтва, і памяць аб «веку Кацярыны» сьвя-