Перайсці да зместу

Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Было-б, зразумела, вельмі наіўна думаць, што гандлёвы капітал і яго саюзьнік, пан-прыгоньнік, здадуцца зусім, і пакорна падуць да ног расійскай прамысловасьці. У зьдзелцы, якую буржуазная гісторыя аздобіла гучным тытулам «вялікай рэформы 19 лютага» (у гэты дзень, 19 лютага 1861 году па стар. стылю, быў падпісаны маніфэст аб вызваленьні сялян, але апублікаваны ён быў толькі 5 сакавіка: 19 лютага выпала на масьленіцу, і баяліся, што вызвалены народ перап'ецца і «узбунтуецца»: гэтакае ўяўленьне мелі вызваленцы аб тых, каго вызвалялі!), на долю старых паноў дастаўся, зразумела, вялікі, тлусты кавалак, і прамысловая буржуазія атрымала толькі столькі, колькі ёй было зусім патрэбна ды нават крыху меней і гэтага. Перш за ўсё гандлёвы капітал захаваў усё-ткі дробнага самастойнага продуктара, да якога прывык, селянін быў вызвален з зямлёю і прымацованы да гэтае зямлі: ён ня сьмеў пайсьці з вёскі бяз згоды «міру», а дзеля таго, што насяленьне вёскі было зьвязана кругавой парукай у справе выплаты падаткаў (якія, як зараз угледзім, вельмі павялічыліся пасьля 19 лютага), дык у яго інтарэсе было селяніна не выпускаць, бо тады кожнаму з тых, што засталіся, прыходзілася плаціць болей. Аб гэтым вызваленьні з зямлёю крычалі тады, як аб самым вялікім дабрадзействе для сялян, і гэтая мана спакусіла нават вельмі разумных, але не спрактыкаваных у экономічных пытаньнях, людзей, — напрыклад, славутнага пісьменьніка Герцэна (пра гэта давядзецца гаварыць ніжэй). А сапраўды і вызваленьня ніякага ня было: прывязаны да свайго мізэрнага кавалачка зямлі, селянін застаўся пад уладай дваранства, у асобе міравога пасрэдніка, па загаду каторага валасны «суд», які цалком залежаў ад пасрэдніка, мог і адлупцаваць «вызваленага» розгамі, як у прыгонны час.

А галоўнае, гандлёвы капітал захаваў тую машыну, якая выціскала з селяніна «дадатковы продукт», толькі ўдасканаліў яе. Раней, кожны асобны памешчык выціскаў гэты продукт з селяніна паншчынай, ці аброкам, цяпер гэта пачала рабіць уся дваранская дзяржава за дапамогай падаткаў. Пачаць з таго, што памешчык, зразумела, ня думаў адпушчаць селяніна дарма. Хоць скрозь крычалі, што за асобу селяніна ніякай узнагароды пану не належыць, але і ў гэтым, як ва ўсім іншым, «вялікая рэформа» лгала. Сапраўды памешчыкі атрымалі з сялян больш за 800 мільёнаў рублёў (рублі 1861 году былі ў паўтара разы большыя, чым рублі 1914 г.) пад выглядам выкупу за тую самую зямлю, якая была пад сялянскімі надзеламі. Зямля гэта спакон веку ўраблялася сялянамі, памешчык ніколі ёю не карыстаўся, для яго яна была толькі сродкам утрыманьня прыгонных рабочых рук. Зусім ясна, што плата за зямлю была іменна выкупам гэтых сельскіх рабочых рук. Для яшчэ большай яснасьці зямля гэта была ацэнена куды вышэй яе сапраўднае вартасьці: каштавала яна тады, па тагочаснай цане, 648 мільёнаў, а заплаціць за яе павінны былі сяляне 867