Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пакінуць свае страхі, і трэба было, каб гісторыя прыціснула яго да сьцяны.

Пакуль існавала прыгоннае права, унутраны рынак пашырацца ня мог: заставалася шукаць замежных. Раней шмат каму здавалася, што імпэрыя Мікалая І, «Мікалая Палкіна», з яе вялізнай арміяй, казармамі, шпіцрутэнамі, рэкрутчынай, пакланеньнем перад вайсковым мундзірам, панаваньнем вайскоўшчыны скрозь і ўсюды,-што гэтая імпэрыя ёсьць такая супрацьлежнасьць буржуазіі, якую толькі можна прыдумаць. А сапраўды, казарма была патрэбным дадаткам да фабрыкі. Мікалай Палкін «узброенай рукою пракладаў расійскаму гандлю новыя шляхі на Ўсходзе», як сьведчыць дзяржаўная рада гэтага цара. Вот на вошта ўся Расія была зашпілена ў вайсковы мундзір! І не дарма Мікалай з аднолькавай рупнасьцю рабіў агляды сваім салдатам і мануфактурныя выстаўкі расійскіх тавараў, адкрываў кадэцкія корпусы і тэхнолёгічныя інстытуты, езьдзіў па манэўры і на Ніжагародзкі кірмаш. Спачатку справа ў яго йшла з посьпехам: дзьве яго першых вайны, з Пэрсіяй і Турцыяй, скончыліся перамогамі і такой згодай, якая шырока адчыняла граніцу гэтых абедзьвюх адсталых краін расійскім таварам. Пэрсыцкім рынкам удалося аўладаць зусім, расійскі фабрыкант там панаваў, расійскі чырвонец быў хадзячай монэтай, расійскія гандлёвыя звычаі-узорам; чужаземцы-ангельцы, немцы-на кожным кроку чулі: «так робяць расійцы, так прынята ў гандлі з Расіяй».

Ужо й гэта чужаземцам-на першым месцы тым самым ангельцам- не магло быць прыемна. Зачыненьне граніц самой Расіі для большай часткі ангельскіх тавараў павінна было раздражняць ангельцаў яшчэ больш. А калі расійцы, не задавальняючыся Турцыяй і Пэрсіяй, пачалі пралазіць у Сярэднюю Азію і Аўганістан, да граніц Індыі, то ангельцы зусім занепакоіліся, і ў паветры запахла вайною. З тае прычыны, што Мікалай дзейнічаў груба і рэзка, не хаваючы сваіх заваявальных планаў,-відаць было, што Расія зьбіраецца монополізаваць (зрабіць сваёй выключнай уласнасьцю) усходнія рынкі для сваёй прамысловасьці, то ангельцам няцяжка было знайсьці саюзьнікаў. У гандлі ўсходнім разам з імі былі, напрыклад, зацікаўлены і французы. Да таго-ж і гандлёвы капітал быў не ад таго, каб скарыстацца паслугамі «потрясающей Стамбул и Тегеран десницы», як лісьліва гаварылася па адрасу Мікалая ў аднэй купецкай прамове. Гандаль збожжам дунайскіх краёў,-Вэнгрыі, Малдавіі, Валахіі, цераз румынскія парты ніжняга Дунаю, Браілаў і Галац,-сьціскаў, бачыце, збожжавы гандаль Одэсы і Таганрогу, рабіў яму конкурэнцыю. Гэтага ні ў якім разе нельга было дапусьціць, трэба было сьціснуць у кулак і ніжні Дунай. Мікалай хадзіў у 1849 г. у Вэнгрыю нібыта супыняць там рэволюцыю, але ня мог там застацца. А ў 1853 г. расійскае войска заняло Малдавію і Валахію (сучасную Румынію). Гэта зрабілася прычынай да вайны з Турцыяй і перакінула ў лягер праціўнікаў Расіі