ства ня спынілася Семілетняй вайною. Перад канцом ХІІІ сталецьця, калі Англія захацела скарыстаць францускую рэволюцыю, каб канчаткова раздушыць свайго праціўніка, яна зноў загарэлася. Англія вельмі абманулася: сапраўды Францыя ад рэволюцыі не аслабела, як чакалі ангельцы, а ўзмацнілася і пачала хутка расьці экономічна. Францускі прамысловы капіталізм, організаваўшыся ў імпэрыю Напалеона Бонапарта, распачаў з ангельскім барацьбу за рынкі, чаго ангельцы ўже ніяк не чакалі: раней у іх барацьба з Францыяй ішла больш за колённі і морскі гандаль. Англія пачала організоўваць супроць Францыі адну коаліцыю (ваенны саюз некалькіх дзяржаў) за аднэй, прычым Расія, на якую ангельцы пазіралі бадай як на сваю колёнію, была, зразумела, у цэнтры ўсіх гэтых коаліцый, але напалеоноўская Францыя трымалася доўга і ўпарта. Дзьве першыя коаліцыі (спачатку Расія і Аўстрыя, потым Расія і Прусія) былі разьбіты нашчэнт. Напалеон узяў і Бэрлін і Вену, а Расію прымусіў падпісаць згоду (у Тыльзыце, у 1807 г.), паводле якой расійскі цар Аляксандар і адмовіўся ад саюзу з Англіяй і зрабіў саюз з Францыяй. Напалеон абавязаў яго далучыцца да так званай «континентальнай блёкады», г. зн. даць абавязак, якога Напалеон вымагаў з усіх пераможаных ім дзяржаў, не гандляваць з Англіяй. Напалеон меу надзею такім шляхам зачыніць для ангельскіх тавараў увесь контынэнт Эўропы (адгэтуль і назва контынэнтальнай блёкады) і, так сказаць, зварыць ангельцаў у іх саку.
Расія раптам засталася бяз вырабаў ангельскіх фабрык, да якіх гэтак прывыкла расійскае дваранства. Апошняе вельмі было незадаволена Тыльзыцкай згодай, увесь час глуха бурчэла, награжала спатайка Аляксандру ўдзелам яго бацькі Паўла І, забітага дваранамі часткова таксама за разрыў з Англіяй (у 1801 г.; гэты прыклад больш за ўсё паддаваў духу ангельцам ды спакушаў іх на бесцарамоннае выкарыстаньне Расіі). Дваранству і гандлёваму капіталу, які стаяў за яго сьпіной, яшчэ болей, зразумела, незадаволенаму спыненьнем ангельскага гандлю, урэшце і ўдалося такі дамагчыся свайго: у 1812 г. Расія зноў парвала з Францыяй, напалеонаўская армія пасьля свайго апошняга посьпеху, захопу Масквы, замерзла ў расійскіх сьнягох, супроць Напалеона ўтварылася новая апошняя, самая страшная коаліцыя, і ангельскі прамысловы капіталізм мог, урэшце, сьвяткаваць канчатковую перамогу. Але яна абышлася яму нятанна: усіх ранейшых позыцый ён вярнуць сабе ня мог, і ў ліку страчаных было іменна яго становішча ў Расіі.
У той час, як гандлёвы капітал зусім апусьціў галаву ад тыльзыцкай згоды (Александар І доўга не адважваўся апублікаваць ганебны для яго дагавор, і на пецярбурскай біржы, карыстаючыся гэтым, пераконвалі, што ніякай згоды і зусім ня было зроблена), прамысловы капітал бы жывой вадой апырскалі. Пазбаўленыя ангельскай конкурэнцыі расійскія фабрыкі пачалі расьці літаральна, як грыбы. Асабліва бавоўна-прадзільныя і бавоўна-ткацкія: ба-