Якраз у другой палавіне XVІІІ сталецьця пачынаецца ажыўленьне сярод расійскіх памешчыкаў. Яны засноўваюць Вольнае Экономічнае таварыства для абмеркаваньня і вывучэньня пытаньняў, зьвязаных, галоўным чынам, з сельскай гаспадаркай, пачынаюць розныя досьледы з новым насеньнем, з угнаеньнем і т. п., выпісваць з заграніцы (з тае самае Англіі) машыны і машыністых ды г. д. У «працах» Вольнага Экономічнага таварыства пачынаюць пісаць, што пшаніца-самы выгодны тавар, і што Расіі самым лёсам прызначана быць «жытніцай Эўропы» ды краінай пшаніцы для ўсіх заходніх краін. Усе гэтыя зьявы адразу-ж адбіліся і на замежнай політыцы Расіі. Для пшаніцы лепей за ўсё чарназём паўднёва-расійскіх губэрняў. Але адтуль да партоў Бальтыцкага мора вельмі далёка, і вот Расія пачынае пракладаць сабе шлях на поўдзень, да партоў Чорнага мора. У другой палавіне XVІІІ веку Расія вядзе дзьве вайны з Турцыяй, у выніку якіх захоплівае пад сваю ўладу Крым і Одэсу (больш правільна, месца на якім цяпер стаіць Одэса, бо Одэса тады толькі і была пабудавана) і дамагаецца ад Турцыі права вольнага праходу цераз пратокі, якія аддзяляюць Чорнае мора ад Міжземнага. Пытаньне аб пратоках, з-за якога Расія ўвязалася ў вайну 1914 году, такім парадкам таксама было пастаўлена гандлёвым капіталам.
Вынікі апраўдалі надзеі расійскага купца і расійскага памешчыка, толькі ня так хутка, як яны чакалі: паніжэньне цаны на збожжа пасьля 1820 г., аб якім гаварылася вышэй, крыху затрымала рост расійскага збожжавага вывозу. Аднак ролю «жытніцы» Расія ўсё-ткі адыграла. Ужо ў 1801 г. яна вывезла бадай сем мільёнаў пудоў пшаніцы, у 1820 г. гэты вываз падвоіўся, а к 1840 г. амаль-што ўтроіуся. Далей справа найшла хутчэй: у 1850 г. было вывезена 26 мільёнаў пудоў, у 1860 г. 42 мільёны, у 1870 г. 96½ мільёнаў. К канцу XІX веку (1895 г.) вываз расійскай пшаніцы заграніцу дасяг вялікай лічбы: 237 мільёнаў пудоў. Зразумела, ня ўсё гэта вывозілася ў Англію: расійская пшаніца ў вялікай колькасьці спажывалася і Францыяй, і Італіяй, і нават Нямеччынай (хоць у апошнюю, пераважна, ішло расійскае жыта, вываз якога ўжо ў 1860 г. дайшоў да 20 мільёнаў пудоў; у 1895 г. жыта вывозілася больш 90 мільёнаў пудоў). Але галоўным пакупцом доўга заставалася Англія, якая прывозіла ў Расію, на месца збожжа, продукты сваёй прамысловасьці. Яшчэ ў 1878 годзе ангельскі прывоз у Расію ацэньваўся ў 150 мільёнаў старых (да 1914 г.) расійскіх рублёў, а к гэтаму часу прывоз у Расію чужаземных тавараў ужо быў сьціснуты шмат якімі перашкодамі на карысьць прамысловага капіталу.
На першых часах гэты апошні павінен быў вельмі цярпець ад ангельскай конкурэнцыі. Але па зьбегу акалічнасьцяй ангельцы-ж сваёй політыкай і далі магутны штыршок разьвіць расійскай прамысловасьці. Барацьба Англіі і Францыі за сусьветнае пяршын-