Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цыі 1917 г. Політычная перамога прамысловага капіталізму толькі на 8 месяцаў апярэдзіла пролетарскую рэволюцыю.

Гандлёвы капіталізм склаўся ў нас у ноўгародзка-маскоўскія часы па вывазе прадметаў роскашы ― дарагіх футравых скур, шоўку і т. п. Прадметы масавага спажываныя пачалі ў нас вывозіцца толькі пасьля Паўночнае вайны, калі Расія атрымала ў сваё ўладаньне шэраг партоў на Бальтыцкім моры. У ранейшы час збожжа, напрыклад, вывозіла ў Заходнюю Эўропу Польшча, ад якой блізка былі такія выгодныя парты, як Гданск і Кенігсбург. Выгода гэтых партоў была ў тым, што яны ніколі не замярзалі, у той час як Пецярбург, Рэвель, Выбарг і нават Рыга былі пад лёдам некалькі месяцаў на працягу году. Расійскі гандлёвы капітал з самага пачатку імкнуўся захапіць хоць адзін бальтыцкі порт, які не замярзае, і гадоў сорак пасьля Паўночнай вайны Расія зноў умяшалася ў вялізную вайну, якая адбывалася ў Заходняй Эўропе (галоўным чынам паміж Англіяй і Францыяй: але на баку першай была, апроч таго, Прусія, а на баку другой-Аўстрыя), так званую Сямілетнюю. Мэтай гэтай вайны для Расіі было заўладаць Курляндыяй з яе партамі Віндавай і Лібавай, якія не замярзалі. Курляндыя была тады «самастойнай» дзяржавай і залежала ці то ад Расіі, ці то ад Польшчы, але Польшча была ўжо так слабая, што з ёю на лічыліся, значыцца, і праціўніцай Расіі была галоўным чынам, Прусія,-з ёю і была вайна. Расійцам удалося было заўладаць нават адным з прускіх портаў-Кенігсбэргам. Але Расія так была высілена вайною, што прымушана была падпісаць згоду, нічога не дабіўшыся.

Да гэтай вайны Расія вывозіла толькі сала, дрэва на мачты, пяньку, воск і футровыя скуры, як і даўней. Апошні тавар пакрысе траціў сваё месца, па меры таго, як расійскія футравыя багацьці вычэрпваліся, а на рынку зьяўляліся ўсё ў большай і большай колькасьці амэрыканскія футровыя скуры. Воску патрэбна было тады даволі шмат, бо сьвечкі з сала былі вельмі нявыгодны, сьвечак з стэарыны рабіць яшчэ ня ўмелі, нафты таксама ня ўмелі ужываць. Таму ва ўсіх багатых хатах, ва ўсякім разе, у «панскіх» пакоях, гарэлі сьвечкі з воску. Пяньку і дрэвы на начты куплялі пераважна ангельцы, наагул галоўныя купцы расійскіх тавараў, якія трымалі у руках увесь расійскі вывозны гандаль. Яны-ж дастаўлялі і ўсю мануфактуру для вышэйшых кляс расійскага грамалетва ад «англіцкага» сукна да паштовай паперы, канвэртаў і нават аблатак, якімі заклейваліся пісьмы. Продукцыя расійскіх мануфактур больш пашыралася сярод простага народу, або куплялася скарбам (сукно для арміі, напрыклад, парусіна і канаты для флёту і г. д.). Толькі ў канцы Сямілетняй вайны пачалі гаварыць, што для Расіі «збожжавы гандаль найбольш натуральны», і толькі з першых год XІX сталецьця вываз збожжа пачынае набываць для расійскага гандлю тое значэньне, якое ён меў да вайны 1914 году.