Пётрам нашыя саматужнікі мелі розныя напасьці і няпрыемнасьці, аж да кары ад начальства за тое, што ткалі вельмі вузкае палатно, у Заходняй-жа Эўропе вымагалі шырокага.
А ім шырокія бëрды ня было як паставіць у хаце. І ўжо за Пётрам (пачатак XVІІ веку) гэта прывяло да спробаў організаваць палаценныя мануфактуры з соткамі рабочых, сабраных у вадным памяшканьні, дзе можна было ткаць палатно па розныя ўзоры і ў любой колькасьці. Фабрыкамі гэта яшчэ нельга было назваць, бо працавалі ў гэтых памяшканьнях пераважна рукамі, а не машынамі, але гэта ўжо была буйная вытворчасьць. Адразу за концэнтрацыяй (сьцягваньнем у адны рукі) абмену пачалася і концэнтрацыя сродкаў вытворчасьці. Саматужнік працаваў у сваёй хаце і сваім інструмантам, рабочы мануфактуры працаваў у чужым памяшканьні і на інструмантах, якія належалі яго гаспадару. Саматужнік быў самастойны дробны продуктар, а ў рабочым мануфактуры быў ужо зародак сучаснага пролетара.
Пакуль толькі зародак. Таму, што найноўшы пролетар-чалавек вольны, які па вольным найме працуе ў фабрыканта, а майстровыя расійскіх мануфактур ХVIII сталецьця былі людзі нявольныя: або прыгонныя гаспадара мануфактуры, або арыштанты, салдаты і т. пад., адданыя пад загад гаспадару начальствам. І для прамысловага капіталізму першым расійскім мануфактурам яшчэ шмат чаго не хапала. Перш за ўсё, што мы ўжо адзначалі, не хапала машыны. Гэта вельмі важна, бо толькі машына дае перавагу буйнай вытворчасьці над дробнай, робіць буйную, бязумоўна, больш выгоднай, чым дробная. Машыны тым выгадней, чым яны большыя. Пры паравой машыне ў 5 сіл, напрыклад, кожная сіла абыходзіцца ў 354 р. у год, пры машыне ў 50 сіл кожная сіла каштуе кожны год ужо толькі 105 губ., а пры машыне ў 3.000 сіл-усяго толькі 36 р. Вот чаму ня толькі фабрыка забівае дробнага продуктара (у 1866 г. ў нас, у Расіі, 95 тысяч ткачоў працавала на фабрыках, а 65 тысяч па сваіх хатах; у 1895 г. на фабрыках працавала ужо 242 тысячы ткачоў, а на сваіх хатах толькі 20 тысяч), але й буйныя фабрыкі забіваюць дробныя і сярэднія прадпрыемствы (з 1904 па 1909 год лік рабочых у Расіі павялічыўся ўсяго на 7 проц., а лік рабочых на фабрыках, якія мелі больш 1000 рабочых--на 20 проц.: на гэтых вялізных фабрыках было занята больш, чым трэцяя частка усіх рабочых ― 672 тысячы з 1788 т.). Але вялізныя прадпрыемствы XVІІІ веку (у Расіі і тады былі мануфактуры больш, чым з 1000 рабочых), працавалі ў ручную і гэта не заўсёды было выгадней, чым праца саматужнікаў. Саматужнік, які атрымліваў ад штукі, болей «стараўся», чым прыгонны майстровы, які нічога не атрымліваў за працу. І хоць на тагочасных мануфактурах ужываліся самыя барбарскія кары, так што, як сьведчыць адзін сучасьнік, у дадатак