Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЧАСТКА ІІ.

Прамысловы капіталізм.

Гандлёвы капітал не організаваў вытворчасьці: ён браў гатовае. Селянін сеяў і жаў збожжа, рыбак лавіў рыбу, паляўнічы забіваў зьвера, шавец рабіў боты, вясковыя кабеты ткалі палатно, як умелі і як навучыліся ад бацькоў і дзядоў, матак і бабулек. Купец прыходзіў і браў; потым ён пачаў часамі даваць сырызну, каб больш пэўна заняволіць дробнага продуктара. Атрымаўшы напавер скуру, шавец, напрыклад, ужо нікому ня сьмеў прадаць зробленыя боты, апрача купца, якому ён быў вінаваты. Гэтая так званая «сыстэма хатняй вытворчасьці» на існасьці мала адрозьнівалася ад тае сыстэмы, за дапамогай якой забясьпечваў сабе працоўныя рукі памешчык XVІ-XVІІ веку.

За дапамогай гэтага простага спосабу можна было сабраць і кінуць на рынак вялізную колькасьць тавару. У канцы XVІІІ веку з Расіі толькі заграніцу вывозілася штогод 14½ мільёнаў аршын палатна. Але нашае вясковае палатно ня толькі вывозілася заграніцу: у самай Расіі яго прадавалася ў некалькі разоў болей. Адна Цьвярская губерня прадавала ў той самы час ня менш 10 мільёнаў аршын за год. Дзеля таго, што ў канцы XІX веку тая самая губэрня прадавала ня больш 16 мільёнаў аршын у год, то выходзіць, што за сто год вытворчасьць палатна цьвярчанамі павялічылася крыху больш, як у паўтара разы, у той час, як насяленьне Цьвярской губэрні павялічылася з тых пор у два з палавінай разы. Выходзіць, што паўтараста год таму назад кожны цьвярчанін ткаў для рынку больш палатна, чым у нашыя часы. І багацьці нажываліся гэтым шляхам вялікія: палатнаны «фабрыкант» Гончаров, «фабрыка» якога, як большасьці «фабрыкантаў» тых дзён, складалася, галоўным чынам, з шэрагу кантор, дзе раздавалі сялянам-саматужнікам сырызну і прымалі ад іх гатовы тавар, нажыў 6 мільёнаў рублёў, што на залатыя рублі 1914 году склала-б мільёнаў 12, а на цяперашнія папяровыя некалькі мільярдаў.

Але пры ўсім тым у гэтай сыстэме быў і свой адваротны бок. Самастойная дробная вытворчасьць надзвычайна мала рухавая. Калі людзі працуюць паводле звычаяў дзядоў, прадзедаў, без машын, яны з году ў год вырабляюць адну і тую самую колькасьць аднолькавага тавару. А рынак капрызны: сёньня яму патрэбна столькі тавару, а заўтра або ў наступны год утройчы болей. Мода яшчэ болыш капрызная: ужо за