Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

жавы. Тут, праўда, ён знайшоў сабе саюзьніка ў асобе ўкраінскай казацкай старшыні, якая пасьпеўшы расчаравацца ў маскоўскіх царох моцна падпарадкавала сабе ўкраінскае паспольство (сялянства) і жадала эксплуатаваць яго самастойна. Але і гэтая дапамога ня выратавала швэдаў, і ў баі пад Палтавай (1709 г.) швэдзкая армія была разьбіта таксама грунтоўна, як за дзевяць год перад гэтым маскоўская армія над Нарвай. Ролі зусім перамяніліся. З абароннай Масква зьмянілася ў наступальную. Маскоўская дзяржава за панаваньне Раманавых зьмянілася ў Расійскую імпэрыю, з сталіцай на беразе Бальтыцкага мора, Пецярбургам. Яшчэ 12 год пасьля Палтаўскай бітвы цягнулася вайна. Швэды знаходзілі сабе яшчэ саюзьнікаў, перш за ўсё ў асобе туркаў, якія адзін раз чуць ня прыкончылі Пётру і яго армію ў час паходу на Румынію (так зв. Пруцкі паход 1711 г.). Але канчатковыя вынікі ўсё больш і больш складаліся на карысьць Пётры. Урэшце, у 1721 г., згодна з Ністадзкім мірам, Швэцыя павінна была прызнаць сябе пераможанай, і Маскоўская дзяржава зрабілася аднэй з вялікіх бальтыцкіх дзяржаваў. К гэтаму часу у руках новай Расійскай імпэрыі было ня толькі вусьце Нявы з Пецярбургам і Кронштадтам, але і цэлы шэраг бальтыцкіх партоў: Выбарг, Рыга і Рэвель. Паўночны канец вялікага воднага шляху, які зьвязвае Эўропу і Азію, Бальтыцкае мора з Касьпійскім, быў цяпер моцна ў маскоўскіх руках. Заставалася цяпер замацаваць сваё становішча на паўднёвым канцы шляху, дзе Маскве раней належала толькі Астрахань. Апошні паход Пётры быў накіраваны супроць Пэрсіі і яго задачай было: захапіць Касьпійскае мора таксама моцна ў рукі расійскага гандлёвага капіталу, як перад гэтым была захоплена ўсходняя частка Бальтыцкага. Гэты пэрсыйкі паход Пётры быў менш удачны, чым вялікая Паўночная вайна, але ўсё такі транзытны-перадатковы-гандаль азіяцкімі таварамі, галоўным чынам шоўкам (які тады каштаваў надзвычайна дорага, так што гандаль шоўкам быў бадай ці не галоўным гандлем у Эўропе, як кажа адзін падарожнік) застаўся ў маскоўскіх руках.

Маскоўскі гандлёвы капітал удала вытрымаў спробу і мог цяпер не баяцца ні Швэцыі ні Польшчы. У наступных войнах XVІІІ сталецьця гэтыя абодвы, некалі магутныя, праціўнікі Масквы, ад якіх бегла расійская армія, адзін з якіх заўладаў на час нават Масквой, усё больш і больш слабеюць, да тых пор, пакуль Швэцыя не дайшла да таго ганебнага становішча, аб якім я казаў вышэй, а Польшча проста дасталася Расійскаму цару, які зрабіўся расійскім імпэратарам.

У Паўночнай вайне канчаткова складаецца і ўвесь мэханізм гандлёвой бюрократычнай дзяржавы, заснованай Раманавымі. Мы напомнім у некалькіх словах яго соцыяльна-экономічную (гаспадарчую і грамадзкую) аснову. Мы памятаем, што гандлёвы капітал не організоўваў сам вытворчасьці. У яго руках былі толькі ўсе