Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

які поўнаўладна кіраваў праваслаўнай царквой, скідаў і назначаў архірэяў таксама, як назначалі і скідалі губэрнатараў. Пасьля гэтага кіраўніцтва праваслаўнай царквой зрабілася проста адным з міністэрстваў расійскай дзяржавы, або Расійскай імпэрыі, як яна пачала называцца спачатку XVІІІ веку.

Але калі, такім чынам, вышэйшыя клясы вельмі лёгка кідалі тую фальшывую набожнасьць, якую яны пачалі выяўляць пасьля рэволюцыі, дык прыгнечаныя і задушаныя гандлёвым капіталам грамадзкія пласты, наадварот, з надзеяй зварачаліся іменна да царквы, якая зносіла прыгнечаньне ад цывільнае дзяржавы, як і яны, нібы падзяляючы іх лёс. Само па сабе зразумела, што гэтая царква ня была тэй скарбовай офіцыяльнай царквой, дзе ўсім кіраваў обэр-прокурор. Гэтая скарбовая царква народнай царквы не прызнавала. Яна назвала народную царкву расколам, а людзей, якія засталіся вернымі старой царкве, стараверамі, раскольнікамі. Гэтых раскольнікаў дзяржава пазбаўляла розных правоў, настаўнікаў расколу, г. зв. духавенства гэтай народнай царквы садзілі ў турмы, каралі сьмерцю і г. д., але зьнішчыць гэтым народную веру не маглі, і яна трымалася на працягу цэлых сталецьцяў. Гэтая вера, зразумела, была такім самым цёмным анімізмам, як і ўсё так звавае праваслаўе наагул. Раскольнікі таксама верылі ў мноства духаў, сьвятых і нячысьцікаў, якія акружалі чалавека, і за дапамогай розных знахарскіх сродкаў, модлаў, абрадаў ды інш. стараліся набыць уладу над гэтымі духамі. Але тое, што гэтую царкву прыціскалі, прасьледвалі, надавала ёй у масах павагу і спачуцьцё, бо гэтая царква і масы зьяўляліся афярамі аднае і тае самае сілы-гандлёвай буржуазіі, якая расла, і моцна зьвязанай з ёю памешчыкай клясы. У барацьбе з уціскам тагочаснага гандлёвага капіталу раскольніцкія грамады самі хутка зрабіліся сілай, якая зьбірала гэты самы гандлёвы капітал. Цьвярозыя раскольнікі, якія любілі працу, якія моцна трымаліся адзін за аднаго, якія выступалі аб'яднана, зьявіліся надзвычайнымі ашчаднікамі. Вялізныя падпольныя сувязі народнай царквы, што зьвязалі у адно цэлае Паволжа і Памор'е, Магілеўскую губэрню і Ніжагародзкую, былі вельмі добрай глебай і для экономічнай сувязі. Таму ў навейшы час раскол і ўяўляўся народу, як нейкая купецкая вера. Але яго заснавальнікі ў XVІ веку былі ня купцы, а пераважна выхадцы з нізоў гарадзкога насяленьня: рознага роду рамесьнікі, кавалі, цесьлі і т. п., а таксама людзі тагочаснай інтэлігенцыі, г. зн. пераважна з дробнага, нячыноўнага духавенства. У асобных выпадках, як гэта бывае ў кожным рэлігійным руху, мы сустракаем сярод гэтых дэмократычных элемэнтаў і выхадцаў з вышэйшых пластоў грамадзтва, як вядомая баярыня Марозава, зусім таксама, як праз 200 год паміж рэволюцыйнымі соцыялістымі мы знойдзем дачок генэралаў і тайных