Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сабе царкву, бо сапраўдная ўлада царквы трымалася, паўтараю, зразумела, не на тым, што думалі пра яе людзі, а на тым, што было ў яе руках. Ужо за Грозным была зроблена спроба адабраць ад праваслаўнай царквы яе зямлю для таго, каб задаволіць зямельную прагу дробных памешчыкаў, якім пачынала не хапаць конфіскаваных вотчын старога вяльмоства, і ўжо Грозны аднаго маскоўскага мітрапаліта, які адважыўся яму пярэчыць, Піліпа, спачатку прагнаў з мітрапаліцкага прастолу, а потым загадаў задушыць у тым манастыры, у які ён быў пасланы на няволю.

Перад канцом XVI века, перад самай „смутай“, улада царквы над насяленьнем значна зьменшылася, і пісьменьнікі таго часу, людзі набожныя (пісьменныя ў гэты час былі, галоўным чынам, духоўныя людзі, і ўсе пісьменныя людзі былі людзі духоўныя, якія выхаваліся, вывучыліся пісьменству па царкоўных кнігах) скардзіліся, што народ разбэсьціўся. З іх расказаў відаць, што разбэсьцілася заможная частка народу, бо парушаць царкоўныя правілы адносна пастоў, раскошна есьці, шмат піць, хадзіць у дарагіх вопратках, усе гэтыя грахі, зразумела, маглі рабіць толькі багатыя людзі. Улада царквы парушалася, такім чынам, па меры таго, як павялічвалася ўлада гандлёвага капіталу.

Асабліва парушала гандлёвая грашовая гаспадарка аскетызм стара-расійскіх людзей. Што такое аскетызм? Усе, зразумела, чулі аб розных пакутах, якія рабілі для сябе розныя ўгоднікі старажытнай Русі. Гэтыя ўгоднікі называліся „пакутнікамі“, бо „пакута“ і рабіла іх людзьмі, якія ўгодны богу і яго сьвятым. З чаго складалася „пакута“? З таго, што чалавек ня еў, спаў на голых дошках, стаяў цэлыя ночы на каленях, гаворачы пацеры, словам, як магчыма задаваў сабе пакут і гэтым, як ён верыў, дагаджаў богу. У чым-жа тут была дагода? Ды ў тым, што тыя задавальненьні, якіх пазбываўся чалавек, нейкім незразумелым чынам даставаліся духу, міласьць якога ён спадзяваўся набыць. Чалавек адмаўляўся ад ежы, і гэта ежа, якую ён ня еў, была таксама свайго роду афярай, якую нейкім таемным чынам мог зьесьці дух. Само па сабе зразумела, што такога выразнага ўяўленьня ў тагочасных людзей ня было, паўтараю, для тагочаснага чалавека сэнс посту і сутрыманьня быў іменна ў тым, што ён гэтым дагаджаў богу або сьвятому, якому ён маліўся, а сэнс якога ён не разумеў, быў іменна ў тым, што такім спосабам людзі прывыкалі зьберагаць. Звычайна пасьля посту надыходзіла (на вёсках і цяпер надыходзіць) разгавеньне, г. зн. пачынаецца дзікае баляванне, калі людзі ядуць да нястраўнасьці жывата, і п’юць так, што трацяць сьвядомасьць. Так і да гэтых час робяць усе дзікуны, якія посьцяць цэлыя месяцы і потым за некалькі дзён наядаюцца па горла. Пры якой гаспадарцы такое ўстрыманьне можа быць патрэбна? Зразумела, пры „натуральнай“, калі няма яшчэ рынку, калі купіць чалавеку прыпасаў няма дзе, калі ён павінен, як кажуць, працягваць ножкі