Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

скае ўрадавае войска. Але перамагчы зусім Хмяльніцкі ня здолеў, ён павінен быў шукаць саюзьнікаў. Гэтым надзвычайна трапна скарысталася Маскоўская дзяржава: яна ўзяла Хмяльніцкага пад сваю апеку, і такім чынам, Украіна, спачатку левы бераг Дняпра а горадам Кіевам, перайшлі ў рукі Маскоўскае дзяржавы. Апрача волскага гандлёвага шляху, гэтая апошняя трымала цяпер у сваіх руках і другі гандлёвы шлях да Чорнага мора-дняпроўскі. Але прайшло шмат часу, перш чым яна скарыстала гэты новы гандлёвы шлях і перш чым барацьба за Чорнае мора зрабілася галоўнай барацьбой для маскоўскага гандлёвага капіталу. Чарговая задача была іншая. Найбольш блізкі выхад у Заходнюю Эўропу быў для Маскоўскай Русі ня Чорнае мора, а Бальтыцкае. І вот у гэтай барацьбе за Бальтыцкае мора, так званай Вялікай Паўночнай вайне 1700-1721 г. г., асабліва зьявілася каштоўнай для гандлёвага капіталу яго новая зброя-організованая на чужаземны ўзор армія.

Дзяржава Раманавых і раскол.

Першыя Раманавы, спакарыўшыя сялянскую масу за дапамогай вышэйшых кляс дробнага дваранства і часткі казацтва, што перайшлі на іх бок, заснавалі, такім чынам, дзяржаву, якая трымалася на прыгонным праве, чыноўніцтве і пастаяннай арміі і якая праіснавала Расіі да сярэдзіны XІX сталецьця. Толькі ў гэты час, дзякуючы далейшаму экономічнаму разьвіцьцю, зьяўленьню на зьмену гандлёваму капіталізму прамысловага капіталізму, - гэты дзяржаўны лад пачынае распaдацца, падае прыгоннае права, пад канец слабее ўлада чыноўніцтва, пад самы канец здраджвае гэтай дзяржаве яго галоўная апора - пастаяннае войска. Але, паступова выпетрываючы, раманаўскі лад у сваіх астачах дажывае да рэволюцыі 1917 году. З монархіяй Раманавых мы ўваходзім, такім парадкам, у паласу найноўшай расійскай гісторыі. Але для таго, каб дакончыць характарыстыку гэтай монархіі, трэба адзначыць яшчэ адзін бок, якога мы да гэтых час не закраналі. Яна была ня толькі капіталістычнай, бюрократычнай (чыноўніцкай) вайсковай дзяржавай, але яна была і першай у Расіі дзяржавай цывільнай. Расійская царква за Раманавымі зрабілася такой самай цывільнай установай, як любы прыказ або міністэрства. Архірэі зрабіліся такімі самымі чыноўнікамі, як і губэрнатары, а сьвяшчэньнікі, такімі самымі, як вучастковыя прыставы або станавыя. Аб гэтым падпарадкаваньні царквы дзяржаве, якое адбылося у той самы час, у сярэдзіне ХVІІ сталецьця, трэба сказаць некалькі слоў.

У існаваньні духавенства і царквы быў практычны сэнс. Нам ужо даходзілася ўскосна зазначыць, што царква і духавенства, асабліва манахі і манастыры, былі першымі праваднікамі грашовай гаспадаркі. У іх руках, дзякуючы ахвярам веруючых, сабраліся вялізныя сродкі, некаторыя веруючыя давалі ім свае багацьці