Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дробнага, прыгнечанага, заняволенага люду, аб якім мы гаварылі. Сьцяпан Разін зрабіўся наступнікам Балотнікава. Пад яго атаманствам паўстаўшыя заўладалі Астраханьню, заўладалі Царыцыным і рушылі ўверх па Волзе, укірунку на Маскву. Але пад Сімбірскам іх спаткала новае навучанае, як заграніцай, маскоўскае войска і разьбіла нашчэнт. Разіна захапілі ў палон і пакаралі сьмерцю ў Маскве. Так скончылася гэта новая казацка-сялянская рэволюцыя, якая пакінула аб сабе памяць у народных песьнях, але якая куды меней страсянула гандлёвы капітал і створаныя ім парадкі, чым рэволюцыя пачатку XVІІ-га веку. А ўсьмірылі паўстаньне так моцна, што пасьля Разіна падобных паўстаньняў ня было сто год, і трэба было нячуванае ўзмацненьне ціску, які вісеў над сялянамі, у другой палавіне XVІ веку для таго, каб выбухла амаль што ў тых самых месцах новае паўстаньне Пугачова, аб якім падамо ніжэй.

Апошнюю паслугу ў барацьбе з унутранымі ворагамі зрабіла Раманавым новае войска іменна супроць старога войска. Адчуваючы, што новыя парадкі пагражаюць самому існаваньню стралецкага войска, стральцы пачалі непакоіцца і скарысталі ўнутраныя нялады пры царскім двары, каб на некаторы час заўладаць Масквой. З імі хутка саўладалі новыя палкі чужаземнай муштры з царом Пётрам, самым энэргічным, самым таленавітым і самым выдатным з Раманавых, на чале. Калі Пётра паехаў заграніцу, стральцы папрабавалі паўстаць другі раз, але былі разьбіты канчаткова і амаль цалком зьнішчаны Пётрам, які быў ня толькі самым таленавітым і энэргічным, але і самым лютым з Раманавых. «Што ня зубец, то стралец», гаварыла тагочасная сумная прыказка аб тым, як Пётра разьвешваў правадыроў паўстаньня на зубцох крамлёўскай сьцяны, ня лічачы тых, хто быў беспасрэдна расстрэляны на месцы бойкі.

Але ў гэты час новае войска трэба было гандлёваму капіталу ўжо ня толькі для таго, каб усьміраць унутраных ворагаў, але і для замежных прадпрыемстваў, такіх вялізных і адважных, аб якіх ён не адважваўся-б і падумаць сто год таму назад. Ужо ў палавіне XVІІ сталецьця раманаўскі ўрад надзвычайна трапна выкарыстаў казацка-сялянскую рэволюцыю, якая адбывалася ў заходняй Расіі. Там па паўднёва-ўсходняй частцы польска-літоўскага каралеўства адбывалася тое самае, што было ў Маскоўскай дзяржаве. Таксама разьвіваўся гандлёвы капітал, пад уплывам гэтага гандлёвага капіталу на месцы ранейшай фэўдальнай павіннасьці зьявіліся жорсткія аброкі, жорсткая паншчына,- словам, усе сродкі выбіваньня з селяніна, як яго называлі ў заходняй Русі, «хлопа», дадатковага продукту, які потым ішоў на рынак і рукамі купцоў пашыраўся па ўсёй Эўропе. Польскай збажыной харчаваліся і ў Лісабоне, і ў Нэапалі, і няўраджай у Польшчы азначаў часамі голад у Італіі. Як гэта было ў Маскоўскай дзяржаве, новыя парадкі асабліва цяжка далі сябе адчуваць у месцах новай калёнізацыі, г. зн. якраз у Прыдняпроўі, у сучасных Кіеўскай, Валынскай і іншых суседніх губэрнях.