Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сваім узброеньні, організацыі і дысцыпліне стаяла куды вышэй за старое маскоўскае войска. Маючы такую армію ў руках, можна было ня толькі не баяцца ніякіх унутраных паўстаньняў, але гандлёвы капітал, маючы такую прыладу, мог весьці такую адважную і энэргічную замежную політыку, аб якой ён ледзь мог марыць за сто год да гэтага.

Унутранае значэньне рэгулярнай арміі выявілася раней за ўсё. Уступленьне на прастол Раманавых ня толькі не палепшыла становішча народных мас, а, наадварот, пагоршыла яго, бо прыгоннае права, якое спачатку хісталася, то пашыралася на ўсё новыя і новыя масы сялянства, то адступала і выпускала з сваіх моцных кіпцюроў сялян, за панаваньне Раманавых асталявалася канчаткова. У палавіне XVІІ веку, за выключэньнем часткі паўночнай Расіі, дзе зямляробская гаспадарка магла быць толькі дапаможнай, і куды памешчыкі не заглядалі, не заставалася ніякіх іншых сялян, апрача прыгонных. Толькі зрэдка мы спатыкаем сялян, якія складаюць умовы з сваім панам. г. зн. сялян вольных, якіх трэба прывабіць за дапамогай пазыкі. Пераважная большасьць трымалася моцна сваіх паноў, бяз розных «пазыкавых запісаў» і разглядалася, як памешчыцкая ўласнасьць. Напрыклад, калі вінават быў памешчык, адказвалі яго сяляне. Няспраўных вінавайцаў ставілі на правеж, г. зн. білі палкамі кожны дзень, пакуль яны не аддадуць пазыкі. Дык вот, за памешчыка ставілі на правеж яго сялян, таксама, як раней гэты лёс пераносілі халопы. Такім чынам, цяпер паміж сялянамі і халопамі ня было ужо ніякай розьніцы.

Зразумела, што не палепшылася становішча і гарадзкой клясы пад ціскам гандлёвага капіталу, а дзеля таго што ўтрыманьне новага войска і наогул усяе адміністрацыі вымагала вялікіх выдаткаў, то, да ўсяго іншага, надзвычайна павялічваліся і тыя падаткі, якія ляжалі на ніжэйшых клясах насяленьня--на сялянах і дробных гарадзкіх людзях. Узоры гэтых падаткаў цяпер браліся часткова адтуль-жа, адкуль браліся ўзоры і новай вайсковай сілы. Так, цар Аляксей, другі Раманаў на прастоле, які насьледаваў Заходняй Эўропе, увёў падатак на соль. Падатак выклікаў бунт, але бунт гэты, за дапамогай новай вайсковай сілы, быў уціхаміраны. Таксама быў уціхаміраны і другі бунт, выкліканы спробай ураду выпусьціць фальшывыя грошы, так званыя медныя рублі. Тады было ў звычаі ня толькі ў аднаго маскоўскага ўраду псаваць монету, падмешваючы да срэбра медзі. Народ гэта мала заўважаў і папсутыя рублі хадзілі таксама, як поўнацэнныя. Дык вот крыха-пакрысе урад прышоў да думкі выпусьціць зусім медныя грошы, якія-б хадзілі, як срэбныя. Але ўжо кінулася ў вочы, і медныя грошы, якіх у дадатак выпусьцілі безьліч, пачалі хутка падаць у цане, а ўсе тавары пачалі даражэць. Гэта зноў выклікала народнае абурэньне, але раманаўскі ўрад ужо быў даволі моцны, каб з ім саўладаць.