Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пастаўлены пры Раманавых «прыказ тайных дзел», і з яго лёгкай рукі розныя сакрэтныя «канцэлярыі» і «экспэдыцыі» праводзяць нас цераз увесь ХVІ век. У XІX веку ўсе гэтыя сакрэтныя ўстановы перадаюцца ў рукі корпуса жандараў і дэпартаменту поліцыі. Сакрэтны прыказ з самага пачатку, за першымі Раманавымі, быў надзелены вялізнымі паўнамоцтвамі. Нават члены баярскай думы, г. зн. дзяржаўнай рады, ужываючы пазьнейшае выражэньне, у гэты прыказ не хадзілі і справамі там ня ведалі. Ён быў, значыцца, паза контролем гэтай маскоўскай дзяржаўнай рады. Ён падлягаў беспасрэдны самому цару, і чыноўнікі яго, сапраўды, мелі больш улады, чым члены баярскай думы.

Але такая поліцыя і тады была толькі сілай, якая організавала, была, так сказаць, мазгамі гэтага кіраваньня. А мазгам патрэбны былі рукі, і першыя Раманавы паклапаціліся аб утварэньні добра ўзброенай сілы, зусім надзейнай і па магчымасьці незалежнай ад народнай масы. Раней войска маскоўскага цара, якое складалася з яго васалаў памешчыкаў і з нанятай пяхоты, набранай пераважна з нізоў гарадзкога насяленьня, стральцоў, было мала надзейна. Яно было замала дысцыплінавана і, як паказалі здарэньні пачатку XVІ веку, лёгка захоплівалася народнымі ўзрушэньнямі. Гэтых стральцоў і дробных памешчыкаў мы бачым то на адным, то на другім баку, то разам з Тушыным, то ў цара Васілія. Раманавы пачалі з таго, што ўзялі на сваю службу вялікую колькасьць чужаземных, нанятых салдат. Мы памятаем, што ў свой час нямецкія атрады заставаліся апошняй апорай улады Гадунова, калі ўся рэшта войска перайшла на бок Дымітра. Але ў Гадунова было занадта мала гэтых нямецкіх салдат. Пры першых Раманавых у Заходняй Эўропе адбывалася вялізная трыццацігадовая вайна, калі людзей вайсковага рамяства напладзілася вялікая колькасьць і на рынку прапаноўвалася вайсковых рук колькі хочаш. З гэтых людзей пачалі формавацца маскоўскія палкі. Аднак, хутка найшлі, што гэта занадта дорага, з аднаго боку, што гэта ня зусім надзейна--з другога, бо гэтыя людзі служылі толькі за грошы і за грошы іх можна было перакупіць. Пакрысе гэтыя дарагія і ня зусім надзейныя кадры новага войска пачалі папаўняцца людзьмі, якіх бралі з народнай масы, але якія былі адарваны ад яе зусім, назаўсёды. Гэта ня было войска, якое прызывалася час ад часу, як раней. Салдатам чалавек рабіўся на ўсё жыцьцё. Ён зусім адрываўся ад роднай вёскі, казармы для яго рабіліся другой хатай.

«Нашы братцы-тугі ранцы, нашы сестры-саблі востры, нашы дзеткі-пулі меткі», сьпявала салдацкая песьня часоў Мікалая 1-га.

Так салдат прывыкаў думаць, і яму рознымі спосабамі ўбівалі палкамі і пераконвалі, што ён абавязан служыць выключна цару і што калі цар загадае, дык ён павінен расстраляць айца, матку, каго хочаш. Пад начальствам нямецкіх, або навучаных у немцаў афіцэраў, з гэтых рэкрутаў хутка вырасла рэгулярная армія, якая па