Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ён ужо гаварыў публічна. Ён, напрыклад, спачатку па вымаганьню Гадунова заяўляў, што Дымітры памёр, і што ён сам бачыў яго мёртвае цела. Потым, калі перамог названы Дымітры, ён прызнаў яго царом, г. зн. прызнаў, што ён першы раз салгаў. А потым, як скінулі Дымітра, ён зноў адкрывае мошчы забітага Барысам Гадуновым Дымітра. Такім парадкам, аб адным і тым самым чалавеку ён гаварыў тры разы зусім рознае. Ён прабаваў зноў замацаваць сялянскую няволю. Законы аб зьбеглых былі зноў адноўлены, і памешчыкам дазволена адшукваць усіх, хто ўцёк з іх маёнткаў, нават за 15 год да гэтага часу. Але гэта была пустая пагроза, бо вельмі хутка пасьля таго, як Шуйскі сеў на прастол, не памешчыкі пачалі ганяцца за сялянамі, каб вярнуць іх да сябе, а сяляне пачалі ганяцца за памешчыкамі, каб іх забіць і захапіць іх маёнткі, памешчыкі-ж павінны былі ўцякаць у Маскву.

Ужо ўвосень 1606 году увесь поўдзень Маскоўскай дзяржавы быў ахоплен паўстаньнем. Як толькі тое войска, якое Дымітры сабраў на паўднёвай акраіне, даведалася аб тым, што ён загінуў, то яно паўстала супроць новага ўраду, як адзін чалавек. Яно заўсёды помніла, што ў Маскве скінулі яго ўлюбенца. Пачалі хадзіць чуткі, што ўсё гэта Шуйскі і яго таварышы налгалі (Шуйскі, як мы памятаем, заўсёды лгаў) і што сапраўды Дымітры выратаваўся і дзесьці хаваецца. Хутка знайшлі чалавека, які ўзяў на сябе гэта імя, і пачалі пераконваць, што ён і ёсьць Дымітры, які выратаваўся, а з тае прычыны, што цара ў твар ведаў вельмі мала хто, дык мана лёгка ўдалася. Паўднёвае войска рушыла на Маскву. Становішча Шуйскага штодзень рабілася цяжэйшым. Але тут, калі здрадзілі яму яго вайсковыя сілы, яму памаглі яго хітрыкі ды выкрутасы. Ён проста падкупіў тых дробных памешчыкаў, якія складалі і тут калі не галоўную, то вельмі вялікую сілу войска другога Дымітра. Гэтыя памешчыкі, як не адданыя былі яны Дымітру, усё-ж такі не маглі зусім спачуваць імкненьням сялян. Супроць баяр і багатага купецтва яны паўстаць маглі. Але калі паўстаўшыя сяляне пачалі разбураць памешчыцкія сядзібы, забіваць памешчыкаў, захопліваць іх дабро, памешчыкі Дымітравага войска не маглі не адчуць у сабе дваран.

А тымчасам сялянскае паўстаньне разьлівалася ўсё шырэй і шырэй. Калі ў час паходу першага Дьмітра супроць Гадунова сяляне амаль што ня краталіся, дык цяпер яны ўсёй масай паўсталі супроць Шуйскага. Їх верхавод Ів. Іс. Балотнікаў, зьбеглы халоп, які трапіў некалі ў палон да татар і ўцёк заграніцу, чалавек адважны, энэргічны, заклікаў усё сялянства скінуць уціск, пад якім яно пакутвала, і самым стаць на месца памешчыкаў, рабаваць у іх тое, што яны нарабавалі ў сялян. Паміж дзьвюмя гэтымі часткамі паўстанца -дваранскай і сялянскай,-чым далей, тым меней было ладу. І калі паўстаўшае супроць Шуйскага войска падышло да Масквы, паміж ім адбыўся распад. Шуйскі паабяцаў памешчыкам розныя мі-