Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дапамагаючы новаму цару, польскія заходня-расійскія памешчыкі спадзяваліся гэтым шляхам атрымаць зямлю і шмат розных іншых багацьцяў у тагочаснай Маскоўскай дзяржаве. Яны пачалі актыўна падтрымліваць Дымітра.

Мы бачым розныя сілы, якія дапамагалі ворагу Барыса Гадунова, але самай галоўнай сілай было, зразумела, казацтва і тая маса прыгнечаных і зруйнаваных людзей, якія з нецярплівасьцю чакалі прыходу казакаў у Маскву. Калі-б ня было гэтай сілы, нічога ня вышла-б. Польскім памешчыкам ня прышло-б у галаву дапамагаць Дымітру. Яны проста не зьвярнулі-б на яго ніякай увагі. Калі яны пачалі яго падтрымліваць, дык толькі таму, што ён сам даволі моцна стаяў на нагах і прадстаўляў з сябе значную сілу, якую памешчыкі маглі выкарыстаць. Але буржуазныя гісторыкі, якім хацелася ўтаіць, што час, каторы яны называлі «смутным», быў паўстаньнем народнай масы супроць яе прыгоньнікаў, хацелася даць штучнае тлумачэньне для пазьнейшых гісторыкаў, пачалі расказваць, што нібыта новы цар лжэдымітры або Названы Дымітры, як яго называлі, высуваўся іменна польскімі памешчыкамі і каталіцкім касьцёлам. Гэтым яны хацелі прынізіць яго, зьменшыць яго значэньне, нібыта гэта быў нейкі чужынец, якога чужаземцы прывялі ў Маскву. Так прыгоньнікі народу і тыя, хто стараўся апраўдаць іх чорныя справы, рабілі заўсёды і пасьля: і ў самы апошні час, калі народ паўстаў на апошнюю барацьбу за сваю свабоду ў 1917 годзе, буржуазныя газэты таксама пісалі, што гэтую справу зрабілі немцы, што ўсё гэта падкуплена, зроблена на чужаземныя грошы і г. д. Як бачыце, заўсёды, ва ўсе часы адбывалася адно і тое самае. Народ, які паўстае за сваю свабоду, імкнуцца ня толькі заняволіць зноў, але і рознымі спосабамі зганьбіць і апаскудзіць тое, за што ён сапраўды змагаўся.

Чыім царом сапраўды быў названы Дымітры, гэта ён паказаў, як толькі прышоў у Маскву. Здарылася гэта не адразу. Польская вайсковая дапамога, сабраныя і ўзброеныя абшарнікамі атрады нанятых польскіх салдат ня прынесьлі яму тэй карысьці, якой ён чакаў ад іх. Да тых пор, пакуль войска Барыса Гадунова трымалася моцна, Названага Дымітрыя спатыкала няўдача за няўдачай, і калі-б не адвага і здольнасьці казацкіх атрадаў, якія ваявалі пад яго сьцягам, то ён мог-бы быць зусім зьнішчаны гадуноўскай арміяй. Але гэта армія складалася ў большасьці таксама з дробных людзей. Маса яе пяхоты, стральцы, былі набраны з незаможнага гарадскога насяленьня і па сваім промыслу і занятках амаль што зьлівалася з імі. У прамежках паміж паходамі стральцы гандлявалі, займаліся рознымі рамёствамі і г. д. Яны былі плоць ад плоці і косьць ад косьці таго «чорнага» пасадзкага люду, які, як мы бачылі, стагнаў ад уціску гандлёвага капіталу ня меней, чым селянін на вёсцы, толькі інакш. А гадуноўская коньніца складалася большай часткай з дробна-памесных дваран і дзяцей баярскіх, таксама часамі гэтак бедных, што яны прымушаны былі займацца якім-небудзь рамяством,