Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

свайго суседа, хіба толькі што стараўся замаліць свой грэх, пабудаваўшы манастыр, або даўшы, прынамсі, манастыру, які ўжо існаваў, тлусты кавалак з адабранага. Далей гэтага яго сьвядомасьць праступку, што ён зрабіў, ня йшла. Цяпер асобныя клясы сьпіраюцца адзін з адным за зямлю і ўладу над працоўнымі, стараюцца давесьці сваю праўду. Прыкладамі з чужаземнай гісторыі або сьвятога пісьма і г. д. стараліся паказаць, што тое, што трэба ім, нібыта вельмі добра для ўсіх. Часамі нават яны пачынаюць заступацца за прыгнечаных і пакрыўджаных і выступаюць нібы прадстаўнікі народных мас ды іх інтарэсаў.

У XVI-м веку ў нас зьяўляецца раптам тое, што і ня сьнілася Маскве XІV веку, політычная літаратура, публіцыстыка; і гэтая сьвядомасьць барацьбы робіць яе, зразумела, яшчэ больш яскравай і цікавай. Як заўсёды бывае ў падобных выпадках, найбольш таленавітымі ў гэтай публіцыстыцы, што нараджалася на Русі, зьяўляюцца прадстаўнікі новай клясы, тых, якія прабіваюць сабе дарогy, — новага памеснага зямляўладаньня і гарадзкой клясы, буржуазіі. Ад іх дайшлі да нас самыя лепшыя творы тагочаснай публіцыстыкі. Па гэтых творах мы можам меркаваць аб тагочаснай барацьбе кляс,-аб тым, чаго яны жадалі. У палавіне ХVІ-га веку нейкі прадстаўнік дробнага дваранскага зямляўладаньня, які схаваўся пад імем Перасьветава, заядла нападае на баярства, даводзячы, што баяры, «ляныя багаціны», канечна давядуць да згубы Маскоўскую дзяржаву і яе цара. Ён вымагае, каб улада была ад баяр адабрана, і дае малюнак поліцэйскай дзяржавы, якая кіруецца чыноўнікамі на пэнсіі, а не зямляробамі, з сталай арміяй, таксама занятай і ўзброенай паводле апошняга слова тагочаснага ваеннага мастацтва-«з вогненным боем», г. зн. агнястрэльнай зброяй, з правільна наладжаным судом, з правільным зборам падаткаў і г. д. Програма гэтак абшырная, што яна ажыцьцявілася на Русі толькі больш як цераз 100 год пасьля Перасьветава. Асабліва дваранскі публіцысты дамагаўся энергічнай замежнай політыкі. Ён вымагаў заваяваньняў. Перш за ўсё заваяваньня Казані, а потым наогул наступальнай заваявальнай вайны. Мы ужо упаміналі, што для небагатых зямляўласьнікаў тэй пары ня было іншай крыніцы дастаць грошы для першапачатковага гаспадараньня, як атрымліваючы з казны пэнсію. Пэнсія выдавалася за паходы. Адгэтуль для масы «ўбогіх воіньнікаў» паходы зьяўляліся жаданымі, ня кажучы ўжо аб тым, што ў час паходаў можна было рабаваць, і што вынікам заваяваньняў быў захват абшырных земляў, дзе абшарнікі спадзяваліся знайсьці выхад з зямельнай цеснаты. Тое, што Казань сапраўды была заваявана разам з усім Паволжам да Астрахані іменна ў гэты час паказвае, што пажаданьні дробна-дваранскай масы ня былі пустым гукам, што з яе вымаганьнямі лічыліся.

Адначасна мы бачым, што яе інтарэсы сходзіліся з інтарэсамі гандлёвага капіталу. Калі памешчыку трэба была зямля каля