Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і г. д. Пан усім гэтым ахвотна забясьпечваў новую сялянскую сям'ю і за гэта абавязваў яе працаваць на сябе на ўмовах, якія чым далей, тым больш рабіліся цяжкімі. За дапамогай гэтай «пазыкі» ён заневальняў, закабальваў сялян (кабала-пазычкавая расьпіска на старой расійскай мове). Само сабою зразумела, што сялянам усе гэтыя новыя парадкі не падабаліся, і тыя старыя сяляне, старажылы, якіх пан пачынаў ганяць на паншчыну і тыя маладыя сяляне-новапарадчыкі, якія запазычыліся пану, з якіх ён вымагаў падатку і паншчыны ў большым разьмеры, стараліся ўхіліцца ад новага цяжару і на меры магчымасьці ўцячы ад пана. Тады пан пачаў зварачацца да больш старэйшых, чым ён, фэўдалаў і, урэшце, да маскоўскага вялікага князя, і пачаў атрымліваць ад яго граматы, якія дазвалялі яму сваіх сялян «ад сябе не выпускаць», а тых, якія ўцяклі, адшукваць і гвалтам зварачаць назад. Раней за ўсё такімі граматамі забясьпечылі сябе манастыры. Самая ранейшая, якую мы ведаем, належыць Траецка-Сергіеўскаму манастыру. Манастыры наогул былі лепшымі сельскімі гаспадарамі таго часу. Яны йшлі наперадзе і ў справе ўтварэньня гандлёвага капіталу. Дзякуючы ахвяраваньням набожных людзей, з аднаго боку, дзякуючы таму, што манастыры зьяўляліся месцам, куды аддавалі на захаваньне розныя каштоўнасьці--з другога, манастыры сабралі ў сваіх руках вялізныя сумы грошай. На гэтыя грошы яны гандлявалі. Салавецкі манастыр, напр., гандляваў соляй на ўсю Расію, Кірыла-Белазерскі і Траецка-Сергіеўскі— збожжам, на шырокай прасторы. А падругое, яны куплялі зямлю пераважна ў зьбяднеўшых зямляўласьнікаў, і на гэтай зямлі заводзілі першую сапраўдную прыгонную гаспадарку, з цяжкой паншчынай для сялян і вельмі срогімі парадкамі. Гэта былі першыя добра наладжаныя прыгонныя маёнткі ў Расіі. Што тычыцца рэшты фэўдалаў, дык яны ў гэтых адносінах далёка адставалі ад манастыроў. Фэўдал быў перш за ўсё чалавек вайсковы. У яго шмат часу адбіралі паходы, апрача таго, чым больш вялікі быў фэудал, тым болей у яго было выдаткаў на так званае, «прадстаўніцтва». Ён павінен быў пнуцца за другімі больш вялікімі фэўдаламі, утрымліваць вялікі двор як узброены, так і няўзброены, апранацца ў раскошныя вопраткі, каб ня сорамна было перад іншымі. Урэшце, і ён сам хацеў нажыць, папіць і паесьці ня менш соладка, чым іншыя. Адгэтуль тое, што ён набываў, прадаючы на рынку продукты яго сялян, вельмі хутка ўцякала з яго кішэні, ён яшчэ больш пазычаў, пераважна тых самых манастыроў, і, урэшце, сам трапляў бадай у такое самае становішча неадплатнага вінавайцы, у якім ён трымаў сваіх сялян. Значыцца, вялікія фэўдалы, вышэйшыя клясы асабліва дзякуючы новай гаспадарцы, хутчэй бяднелі, чым нажываліся.

Куды лепей ішла гаспадарка ў дробнага памешчыка, што паходзіў часта з сялян або з халопаў, які жыў часамі скупа і бедна, але затое здолеў забраць у рукі тую крыху сялян, якіх ён трымаў у сваёй залежнасьці. Гэты дробны памешчык звычайна не знаходзіў сабе