Перайсці да зместу

Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гарадзкіх рынкаў. Гэта-з аднаго боку. З другога боку, -па меры таго, як Масква рабілася асяродкам усяго рускага гандлю, пакрысе ўбіраючы ў сябе ўсе тавары, якія йшлі на Русь з розных іншых земляў (спачатку, як мы бачылі, з Італіі, потым цераз Ноўгарад з Нямеччыны і г. д.), на яго рынку зьяўлялася ўсё больш і больш такіх прадметаў, якія могуць аздобіць і асаладзіць жыцьцё: дарагія каляровыя сукны, заморскія віны, розныя аздобы, прыправы, патрэбныя для тагочаснага стала. Верхні пласт насяленьня, баяры ды дваране, прывыкалі ўсім гэтым карыстацца, але ўсё гэта можна было купіць толькі за грошы. Грошы былі ў княжым скарбе, адкуль, у выглядзе пэнсіі, яны ў вельмі невялікай колькасьці траплялі ў кішэні падручных князя, яго васалаў, але ў фэўдальным маёнтку грошы не расьлі. Цяпер іх можна было дастаць, прадаючы на гарадзкім рынку тую сырызну, якая атрымлівалася з гэтага самага маёнтку. і вот зямляўласьнік, які раней задавальняўся тым, што атрымліваў з сялян невялікі, параўнаўча, натуральны падатак баранамі, курамі, яйкамі і г. д., чым харчаваўся ён сам і яго чэлядзь, пачынае вымагаць сырызны ня толькі для свайго пражыцьця і для асабістых патрэб, але і на продаж. Ён пачынае вымагаць ужо ня пэўнай колькасьці збожжа, а пэўнай долі ўраджаю, ¼, ⅓, ½, ён зацікаўлены ў тым, каб атрымаць як больш збожжа ў свае рукі, бо чым болей у яго рукі трапіць збожжа, тым больш ён будзе атрымліваць і грошай. Потым, апрача натуральнага падатку, ён пачынае абкладаць сялян грашовым падаткам. Раней за ўсё замяняюцца грашыма розныя дробныя паборы, бо дробязь пан лічыць за лепшае набываць на гарадзкім рынку, не чакаючы, пакуль яе прывязуць з вёсак. Урэшце, не чакаючы на сырызну, якую вырабляюць сяляне, пан пачынае сам «вытвараць» і заводзіць сваю ральлю, чаго ён раней не рабіў, працуючы, зразумела, не сваімі рукамі, а рукамі сваіх халопаў, ён сам толькі распараджаецца гаспадаркай. Хутка, аднак, і халопаў яму пачынае не хапаць, і тады ён пачынае ўсімі праўдамі і няпраўдамі прымушаць працаваць на гэтай зямлі сялян.

Сяляне, як мы памятаем, былі падпарадкаваны пану і забясьпечвалі яго ўсёй патрэбнай сырызнай, а таксама дапамагалі яму сваёй фізычнай прадай. Але дапамога гэта была нязначная і ад сялян шмат часу не адбірала. Цяпер пан пачынае ўсё больш і больш расьцягаць гэту натуральную павіннасьць сялян. Раней, напрыклад, яны працавалі на пана 8 дзён на год, цяпер пан вымагае з іх 2 дні на тыдзень, потым З дні, потым яшчэ болей. Так зьяўляецца, побач з сялянскім аброкам, паншчына, як асаблівая больш цяжкая павіннасьць сялян. Але гэтага мала пану. Яму хочацца забраць рабочыя рукі сялян і іх час цалкам пад свой загад. і вот ён карыстаецца тым, што сялянская моладзь, якая толькі што пажанілася, наладжваючы сваю гаспадарку, ня можа абыйсьціся без чыëй-небудзь дапамогі. Ёй трэба набыць і хату, і інвентар (жывёлу, зямляробскія прылады), і насеньне на пасеў, і збожжа, каб прахарчавацца першы час.