Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

длёвымі гарадамі Прыбальтыцкай і Рэйнскай Нямеччыны, з Ганзэйскім саюзам. У Ноўгарадзе заўсёды жылі ганзэйскія купцы, мелі там свае гандлёвыя двары і склады. Ноўгарад, такім чынам, быў адзіны рускі горад таго часу, які знаходзіўся ў беспасрэднай сувязі з Заходняй Эўропай. З гэтай прычыны ў Ноўгарадзе больш адчуваўся ўплыў заходня-эўропэйскай культуры. Гэта адбівалася і ў мастацтве, напрыкл., славутыя «Корсунскія Врата» ноўгародзкай св. Сафіі, галоўнага ноўгародзкага сабору, зробленыя ў Нямеччыне, і на рэлігіі (сэкты стрыгольнікаў і жыдоўствуючых, якія йшлі ў Ноўгарад з Заходняй Эўропы), і на звычаях, - заможныя ноўгарадцы апраналіся ў фляндарскія (сучасн. Бэльгіі) сукны і г. д. Дзякуючы гандлю ў Ноўгародзе раней, чым у якой-небудзь іншай частцы рускай зямлі, пачынае складацца гандлёвы капіталізм, г. зн. сродкі абмену сьцягваюцца да адных рук. Такімі першымі ў Расіі багатырамі былі ноўгарадзкія баяры, ноўгарадзкія фэўдалы, зямляўласьнікі, якія рабавалі ня столькі другіх фэўдалаў, колькі багатае Завалочча, і зьяўляліся яго першымі калёнізатарамі і заваявальнікамі (накшталт таго, як потым гішпанцы ў Амерыцы). Абменьваючы на грошы нарабаванае, гэтыя багатыя ноўгарадзкія баяры пазычалі потым грошы купцом, больш дробным гандляром, якія забясьпечвалі заходняэўропэйскімі таварамі рускія землі, што знаходзіліся на поўдні, цяперашнюю Цьвярскую, Яраслаўскую, Уладзімерскую губ., і за гэта атрымлівалі сырызну, асабліва збожжа, патрэбнае ноўгарадцам.

Ноўгарад, які ўмацаваўся дзякуючы гэтаму гандлю, як бачым, цесна быў зьвязаны з будучымі ўладаньнямі маскоўскага вялікага князя.

Апрача баяр і купцоў, якія склалі верхні пласт ноўгарадзкага насяленьня, у ім, яшчэ больш чым у Маскве, сабралася шмат рамесьнікаў, дробных гандляроў, крамнікаў і г. д., што складалі насяленьне гэтага гораду, які дзяліўся на пяць частак або вялікіх кварталаў. Кім яны былі заселены, паказвае іх назва: адзін называўся Плотніцкім, другі Ганчарным і т. п. Усё гэтае насяленьне было патрэбна вялікаму гандлёваму гораду, і з гэтай прычыны яно хутка заваявала сабе самастойнасьць, якой ня мела насяленьне іншых гарадоў, што былі сталіцамі вялікіх фэўдалаў. Баярам і купцом быў выгодны, нават патрэбны пэўны супакой у горадзе і яго бліжэйшых ваколіцах, інакш чужаземцы пакінулі-б туды езьдзіць. У супроцьлегласьць рэштцы фэўдальнай Расіі, у Ноўгарадзе быў пэўны парадак. Цэнячы гэты парадак, ноўгарадзкія капіталістыя прымушаны былі ісьці на пэўныя ўступкі насяленьню, якое было ім патрэбна. Такі парадак усталяваўся ня толькі ў Ноўгарадзе, але і ва ўсіх вялікіх гандлёвых гарадох сярэдня-вяковай Эўропы. Скрозь патрэбнасьць больш моцнай гандлёвай організацыі прыводзіла да таго, што ніжэйшыя клясы нясяленьня, у фэодальных маёнтках зусім занявольненыя, у горадзе набывалі пэўную волю. Так утварылася француская комуна, так утварыліся нямецкія гарадзкія грамады, паўстала так званае магдэбурскае права з рознымі прывілеямі для гарадзян і г. д.