Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

быў горад у сапраўдным сэнсе гэтага слова, праўда, горад сярэднявяковы, па сваіх будынках дробны і ўсьцяж драўляны, сваімі вузкімі і бруднымі вуліцамі больш падобны да вёскі, чым да гораду, але які ўжо апраўдваў прыказку, што Масква-вялікая вёска. і, паўтараю, гэта быў не адзіны горад тагочаснай Расіі. Некалькі такіх гарадоў мы ужо называлі, але да іх трэба дадаць самы вялікі пасьля Масквы і ў гандлёвых адносінах яшчэ больш значны ў гэты час, Ноўгарад на Волхаве. Барацьбою гэтых двух вялікіх гарадоў, Масквы і Ноўгараду, і завяршаецца ўтварэньне Маскоўскай дзяржавы. Калі Масква перамагла Ноўгарад, дык яна зрабілася сапраўднай сталіцай усяе Русі, а яе князь-старшынёй, сюзэрэнам усіх рускіх князёў.

Барацьба Масквы з Ноўгарадам.

Ноўгарад зрабіўся вялікім гандлёвым цэнтрам куды раней, чымся Масква, таксама з прычыны свайго выгоднага географічнага палажэньня.

Ноўгарад стаяў на вузьле водных шляхаў, якія вялі да Бальтыцкага мора. Рэчкаю Волхавам, Ладаскім возерам і р. Нявою ён зьвязан з самай усходняй затокай гэтага апошняга, з Фінскай, а прытокамі ільменскага возера, з якога выцякае Волхаў, ён зьвязан з вышнявінай Волгі, адкуль на невялікіх волаках, г. зн. пярэсмыках паміж рэчкамі, лёгка было перасуваць тавары да Ноўгараду.

Адначасна сетка рэчак і вазëр на паўночны ўсход ад Ладаскага возера, Онегі, Онескага возера і г. д. зьвязвала яго з Памор'ем і з вадазборам Паўночнай Дзьвіны. Паўночная Дзьвіна, так званае Завалочча, г. зн. краіна, якая знаходзіцца па той бок «волаку» (паміж Волгаю і П. Дзьвіною), самага большага пярэсмыку, які ведалі ноўгародцы, зрабілася першай ноўгародзкай калёніяй. Гэта калёнія давала ноўгародцам адзін з самых каштоўных прадметаў замежнага гандлю, іменна футравыя скуры, якімі Ноўгародзкая краіна забесьпячала ўсю Заходнюю Эўропу, а з другога боку, з самага ўсходняга канца гэтага Завалочча, з Уралу, да якога даходзілі ноўгародзкія калёнізатары (якія заснавалі, паміж іншым, Вятку), Ноўгародцы атрымлівалі срэбра. Тады каштоўных мэталяў было вельмі мала, і ўладаньне каштоўнымі мэталямі было натолькі важна, што ўжо гэта адно давала значэньне таму ці іншаму гораду, нават калі ён знаходзіўся ня ў зусім выгодным географічным палажэньні. Напрыклад, у сярэдняй Нямеччыне высунуўся зусім нязначны гарадок - Гослар, толькі таму, што каля яго ў горах Гарцу здабывалі тады срэбра, і ў такой нязначнай колькасьці, што цяпер гэтыя срэбраныя капальні зусім закінуты, тады-ж яны мелі вялікае значэньне, таму, паўтараю, што каштоўных мэталяў да вынайдзеньня Амэрыкі ў Эўропе было вельмі нямнога, а гандлёвы капіталізм адчуваў у іх патрэбу.

Уладаючы каштоўнымі таварамі і галоўнай прыладай сярэднявяковага абмену-срэбрам, Ноўгарад завязаў цесныя зносіны з ган-