у г. Маскве было некалькі тысяч двароў, г. зн. некалькі дзесяткаў тысяч насяленьня. А ў канцы ХVI-га веку, яшчэ цераз 200 год, Масква, згодна слоў аднаго ангельскага падарожніка, была «крыху больш за Лёндан», г. зн. была адным з самых вялікіх гарадоў Эўропы, і ўжо, зразумела, самым вялікім горадам у Расіі. Відавочна, што існаваньне такога вялікага гораду само па сабе значыла, што Расія не развальваецца больш на мноства дробных фэўдальных уладаньняў, бо горад з некалькімі дзесяткамі тысяч насяленьня, якое само сабою не магло ўрабляць зямлю, не арала і павінна было атрымліваць збожжа з боку, мог існаваць толькі дзякуючы гандлю збожжам ды іншай сырызнай. Калі-б такая сырызна не падвозілася з вакольных земляў, то насяленьне гораду загінула-б з голаду або павінна было-б разыйсьціся.
З каго і як стваралася гэта насяленьне? Яно было ня толькі ў Маскве. і Цьвер, і Уладзімер, і Ніжні, і Разань, і Яраслаўль былі ў гэты час ужо значнымі гарадамі, хоць і меншымі за Маскву.
Папершае, зразумела, ва ўсіх вялікіх фэўдалаў, хай сабе князь маскоўскі, або цьвярскі, або разанскі, была дворни вайсковаа і невайсковая, у вельмі вялікім разьмеры, якая лічылася соткамі, а, мабыць, і тысячамі людзей. У больш вялікіх чыноў княжай дворні быў, зразумела, і свой двор, і жыў кожны з іх у сваёй сядзібе. Але гэтага мала: навокал двара папа зьбіраліся ня толькі служылыя людзі, але й людзі чорныя, як тады гаварылі, пасадзкія, як іх яшчэ называлі, бо яны жылі ня ў самым горадзе. г. зн. не ў пасёлку, умацаваным сьценамі навокал княжага двара, а навокал сьцен, у так званым пасадзе. Гэтыя пасадзкія людзі былі, галоўным чынам, рамесьнікамі, тымі самымі вясковымі рамесьнікамі, якіх мы знаходзім раней, але якія пачалі сваім рамяством паступова абслугоўваць ня толькі адну сваю вёску і бліжэйшыя вёскі, а і ўсё вакольнае насяленьне. Самыя лепшыя кавалі, самыя лепшыя сядзельнікі, шаўцы, краўцы-усе яны зьбіраліся навокал двара самага вялікага пана, бо тут былі самыя выгодныя заказчыкі і болей за ўсё можна было зарабіць. Да паслуг гэтых рамесьнікаў часьцей за ўсё зварачаліся тыя масы дробных фэўдалаў, будучых памешчыкаў і дваран, якія па беднасьці не маглі заводзіць такую шматлікую, багатую на розных вывучаных людзей, дворню, як вялікія фэўдалы. Урэшце, і купцы, гандляры прадметамі роскашы, ахватней ехалі, зразумела, да двара самых багатых князёў з тае самае прычыны. Тут болей за ўсё было магчымасьці прадаць тавар. Тут былі самыя выгодныя пакупцы. У маскве XІV-га веку мы знаходзім ужо «гасьцей суражан»,-купцоў, якія вялі зносіны з Італіяй цераз Гэнуэскія калёнії у Крыме.
Такім чынам, у Маскве, поруч з насяленьнем фэўдальным, утварылася і маладое гарадзкое, кажучы як на захадзе, буржуазнае насяленьне, якое складалася з рамесьнікаў і гандляроў. Масква ня была падобна ужо на звычайны двор фэўдальнага ўладара. Гэта