Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У гэтых жалаваных граматах хан абяцаў царкве розныя ільготы, абяцаў ня браць з яе падаткаў, пасадзіў мітрапаліта за судзьдзю над усімі царкоўнымі людзьмі і незалежна ад княжага суда, пад адной толькі ўмовай, каб царква малілася за яго, хана, і за яго сваякоў. Хан быў, зразумела, недавярак, спачатку паганец, потым магамэтанін, але праваслаўная царква з гэтым ня лічылася. Ханам было выгодна, каб у рускіх цэрквах за іх маліліся. Яны разумелі, што адной сілай трымацца нельга і стараліся пераканаць насяленьне Расіі, што ім, ханам, дапамагае сам бог, што яны ёсьць тая улада, пастаўленая ад бога, аб якой гаворыцца ў пісаньні, і рускія архірэі і сьвяшчэньнікі дапамагалі хану дасягнуць гэтай мэты.

Так паміж праваслаўнай царквой і недавяркамі ханамі ўзьнік саюз, які для праваслаўнай царквы быў куды больш выгодным, чымся для татар, бо панаваньне татар, урэшце, было скінута. Царква-ж скарыстала міласьці хана, каб стаць самастойнай у адносінах да рускіх князёў. Князём, зразумела, гэта не падабалася, і цьвярскі князь, напрыклад, які паўстаў супроць татар, спрабаваў падпарадкаваць сабе і царкву. Уладзімерскі мітрапаліт павінен быў шукаць сабе саюзьнікаў і, у сваю чаргу, зьвярнуўся да лагоднага на выгляд маскоўскага князя. Мітрапаліт Пётра пераехаў жыць у Маскву, якая з тых час і зрабілася царкоўнай сталіцай Расіі.

Маскоўскі князь апіраўся, з аднаго боку, на сваё багацьце, з другога - на, татар, з трэцяга - на падтрыманьне царквы і пакрысе стаў на чале ўсіх рускіх князёў. Гэта здарылася даволі хутка, на працягу аднаго сталецьця. Ужо ў канцы XІV веку тагочасны маскоўскі князь Сымон іванавіч, сын івана Каліты (Каліта і значыць мяшок з грашыма), называўся Гордым, і летапіс пра яго запісаў, што яму былі адданы «пад руку» ўсе князі рускія, г. зн. ён нібыта зрабіўся сюзэрэнам усяе Расіі. Гэта, зразумела, ня зусім праўда. Сюзэрэнам усяе Расіі зрабіўся толькі прапраўнук гэтага князя, Іван Васільлевіч, у канцы ХV-га веку, але гэтая ня зусім праўда паказвае, як глядзелі на маскоўскага князя ужо за 100 год раней.

Якія-ж экономічныя зьмены ляжалі ў падставе гэтай перамены - утварэньня з дробных асобных уладаньняў аднаго цэлага? Відавочна, што справа не магла абмежавацца аб'яднаньнем некалькіх фэўдальных уладароў каля аднаго старэйшага, што гэты факт павінен быў мець экономічную прычыну. Прыглядаючыся да зьмен, якія адбываліся адначасна з аб'яднаньнем Русі каля Масквы, мы пачынаем бачыць і гэтую экономічную прычыну. У XІІ-м веку, калі ўпяршыню ўпамінаецца Масква (першы ўпамінак аб ёй ёсьць у 1147 г.), гэта была проста сядзіба тагочаснага ўладзімерскага князя Юр'я Доўгарукага, якая стаяла на крутым рагу паміж р. Негліннай і Масквой, там, дзе стаіць цяпер вялікі крамлёўскі палац і Баровіцкія вароты. А ў канцы XІV-га веку, г. зн. цераз 200 год,