Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Мы сказалі, што паміж фэўдаламі ішлі заўсёдныя бойкі. У гэтых бойках больш моцныя памешчыкі зьнішчалі драбнейшых. У рэдкіх выпадках, зразумела, зьнішчалі проста і беспасрэдна, як рэдка проста і беспасрэдна рабавалі купцоў. Куды часьцей справа складалася такім чынам, што вялікі фэўдал прымушаў сабе служыць драбнейшых. Але знаходзіўся фэўдал яшчэ больш вялікі, які стараўся іх сабе заняволіць. Часамі гэты фэўдал знаходзіў сабе яшчэ больш дужкага супраціўніка. Так пакрысе з фэўдальнага хаосу магло скласьціся нешта цэлае, павінна была скласьціся фэўдальная монархія (адзінадзяржаўе). Іменна гэтым шляхам зьбіраньня асобных фэўдалаў навокал аднаго і паўсталі вялізныя заходня-эўропэйскія дзяржавы. Так склалася, напрыклад, сярэдня-вяковае францускае каралеўства, таксама стварылася і Маскоўскае царства.

Чаму ў нас гэтае аб'яднаньне адбылося навокал Масквы? На гэта былі, зразумела, свае прычыны. Гэтых прычын ні ў якім разе ня прыходзіцца шукаць у тым, што маскоўскія князі былі больш разумныя і храбрыя за іншых князёў і наогул за іншых фэўдалаў. Наадварот, гэта былі людзі, як сьведчаць усе гісторыкі, шэрыя і незаметныя. Але іменна таму ім і шэнціла болей, чымся іншым. Маскоўскі князь у пачатку гэтага пэрыоду, аб якім мы гаворым, быў адным з самых дробных і нязначных, але месца яго было надзвычайна выгоднае. Цераз Маскву йшлі тады два шляхі: адзін, больш стары, з Смаленску да р. Клязьмы, з захаду на усход. На Клязьме стаяў самы вялікі тады з гарадоў фэўдальнай Расіі-Уладзімер. Усе тавары, што йшлі з Захаду ва Ўладзімерскую зямлю, ішлі цераз Маскву. Другі гандлёвы шлях ішоў з поўначы на поўдзень, з Ноўгародзкай зямлі, якая была у тыя часы ў больш цеснай сувязі з Заходняй Эўропай, чым рэшта рускіх земляў, у цяперашнюю Разанскую губэрню, зямлю вельмі ўрадлівую. Адгэтуль тады йшла збажына ў Ноўгарад, які рэдка абыходзіўся сваім уласным ураджаем. і тых і другіх тавараў на цяперашні погляд было вельмі мала (трэба прыпамятаць, што і гандаль Заходняй Эўропы ў тыя часы выражаўся вельмі невялікай колькасьцю тавараў. Так, усе тавары, якія перавозіліся з Італіі ў Нямеччыну цераз С.-Гатарскі перацяг на працягу году ў сярэднія вякі, зьмесьціліся-б у двох паяздох цяперашняй С.-Гатарскай чыгункі). Але важна, што ўвесь гэты невялікі таварны рух нямінуча праходзіў цераз Маскву, г. зн., іншымі словамі, маскоўскі князь мог зьбіраць мыта з купцоў болей, як іншы князь. Адначасна, і часткова з тэй самай прычыны, і кожная іншая натуральная даніна і аброк з сялян былі ў яго большыя таму, што сялянскае насяленьне каля Масквы было больш густое, чымся ў іншых месцах. Гэта тлумачыцца тым, што Маскоўскае княства, схаванае ў самай сярэдзіне Расійскай зямлі, было для насяленьня больш бясьпечным, чымся акраінныя землі. Да таго-ж маскоўскі кназь, атрымліваючы, з прычыны выгоднасьці