Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

мі, толькі апіраючыся на вялікую колькасьць падручных (у Заходняй Эўропе яны называліся васаламі). Тут залежнасьць, такім чынам, была з двох бакоў. І фэўдальнае грамадзтва, паколькі гутарка йшла аб вайсковай клясе, трэба ўяўляць сабе як гурток людзей, зьвязаных паміж сабою дагаворам. Зьмест гэтага дагавору быў заўсёды аднолькавы і складаўся з таго, што вялікія фэўдалы абяцалі дробным абарону і апякунства, а дробныя абяцалі на іх покліч садзіцца на каня і зьявіцца «людны і аружны», г. зн. з узброенымі халопамі, з сваёй уласнай зброяй, калі вялікі фэўдал (у Заходняй Эўропе ён называўся сюзэрэнам), гэтага будзе вымагаць. Застаецца дадаць, што гэтым узброеным халопам (у старой Русі яны называліся «паслужыльцамі») таксама давалі пад загад вёскі, а часамі і некалькі вёсак з сялянамі, для таго, каб прывязаць іх да іх пана. З гэтых узброеных халопаў пакрысе склалася цэлая кляса дробных фэўдалаў, якіх пазьней пачалі называць памешчыкамі, і з іх склалася пазьнейшае дваранства. Як бачым, усё гэта людзі вайсковыя па сваім заўсёдным занятку, яны не гаспадарылі, не маглі і не хацелі гаспадарыць. Праўда, пры іх хатах быў часамі завораны невялікі вучастак, гарод, сад з яблынамі, сьлівамі і г. д., але ўсё гэта йшло толькі для ўласнага ўжытку. Нічога з гэтага не трапляла набок. Гэтак сама і іх сяляне не прадавалі продуктаў сваёй працы, а плацілі даніну свайму пану натураю. Кожны двор, напрыклад, даваў барана, пяць сыраў, мяшок збожжа і г. д. Такім шляхам, шляхам натуральных пабораў, атрымлівалі ня толькі сырызну, але й прадметы прамысловасьці. Так, свой каваль плаціў аброк пану сякерамі ці рабіў для яго і для яго ўзброенай чэлядзі кальчугі, мячы і г. д. Свой цесьля ставіў пану хату, свой гарбар вырабляў для яго скуры, а свой шавец рабіў з гэтай скуры боты. Кожны фэўдал, нават дробны, стараўся такім чынам абыйсьціся паслугамі сваіх людзей.

Зносінам больш далёкім, чым у коле бліжэйшых вёсак, перашкаджалі перш за ўсё заўсёдныя фэўдальныя бойкі. Купцы былі рэдкім зьявішчам у гэтым сьвеце. Звычайна яны вазілі з сабою не прадметы штодзеннага спажываньня, а прадметы роскашы: дарагія шаўковыя матэрыі, дарагую зброю, жаночыя аздобы, заморскія віны, заморскую садавіну і т. п. Гэтых рэдкіх гасьцей фэўдал стараўся абрабаваць. Адны рабілі гэта проста, нападаючы сваёй узброенай чэлядзьдзю на купцоў, другія, ня хочучы рэзаць курьцу, якая нясе залатыя яйкі, рабілі больш пранікліва, робячы ў сваіх маёнтках мытніцы, пастараруску «мыт», і вымагалі свайго роду даніны з кожнага купца праезнага. Праехаўшы некалькі дзесяткаў такіх уладаньняў, а імі кішэла тагочасная Эўропа і тагочасная Расія, купец звычайна абдзіраўся да ніткі. Ясна, што вялікай ахвоты гандляваць такія парадкі падняць не маглі, і панятна, чаму слова «мытарства» пачало значыць пакуту.