Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

таго, што ўся зямля з усім яе насяленьнем знаходзіцца ва ўладзе невялікай колькасьці вайсковых людзей, якія з сваёй узброенай чэлядзьдзю пануюць над працоўнымі клясамі. Гэтых вайсковых людзей, уласна кажучы, нельга было назваць зямляробамі, бо зямлі дзікай, неапрацаванай, убранай лясамі, было ў тыя часы колькі хочаш, і яна сама па сабе цаны ця мела. Але сярод лясоў і балот былі раскіданы вёсачкі сялян-зямляробаў, часткова сялян-прамыслоўцаў, якія лавілі рыбу, білі зьвярыну, разводзілі пчол. І вот тое, што выраблялі гэтыя сяляне, і трапляла ў рукі пануючых вайсковых кляс. Як у Заходняй Эўропе, так і ў нас, у Расіі, гэтая кляса не складалася з роўных людзей. Чым болей вёсак захопліваў той або іншы фэўдал, парасійску кажучы, — „баярын“, „барын“, тым большае было яго значэньне. У нас самыя вялікія з іх называліся князьмі, драбнейшыя-баярамі, яшчэ драбнейшыя — дзяцьмі баярскімі. На Захадзе Эўропы лесьвіца была даўжэйшая і адносіны больш складаныя, — там мы знаходзім „герцагаў“, „графаў“, „маркізаў“, „баронаў“ і г. д. Але сутнасьць справы была аднолькавая і там і тут. Больш дробныя фэўдалы паступалі звычайна ў залежнасьць ад больш вялікіх. Чаму гэта ім было патрэбна? Ды таму, што ў фэўдальным сьвеце ўсё трымалася на гвалце, і слабейшы чалавек, калі ён быў нават узброены і меў узброеную дворню, заўсёды мог чакаць, што на яго нападзе сусед дужэйшы за яго і самога яго зробіць нявольнікам, або, прынамсі, прагоніць яго з сядзібы, сядзібу спаліць, а вёску з сялянамі забярэ сабе.

Што тычыцца самых сялян, дык іх нельга было ў гэты час назваць прыгоннымі. Сялянскага прыгону 600 год таму назад у Расіі быць не магло проста таму, што ніякіх „прыгонных“, трывалых адносін на вёсцы ў гэты час ня было. Як мы цяпер паказалі, зямлі было досыць. Зямляробы перасуваліся сярод неаглядных лясоў, высякалі вучасткі гэтых лясоў, спальвалі іх, рабілі там ворную зямлю. Калі гэтыя месцы пакідалі даваць ураджай, яны перасуваліся на другія. Такім чынам, насяленьне тагочаснай Расіі заўсёды перасувалася з месца на месца. Вельмі рэдка ўнук селяніна уміраў на тым месцы, дзе радзіўся дзед. І нават на працягу свайго жыцьця селяніну прыходзілася зьмяніць некалькі, мабыць, не адзін дзесятак вучасткаў. Пры такой рухомасьці насяленьня, пануючай клясе ня было ніякай выгоды прыганяць гэтае насяленьне да якога-небудзь аднаго месца. Сяляне былі прыгнаны да зямлі і да ўладароў толькі куды пазьней, калі зрабілася цесна, зямлі зрабілася меней і зьявілася правільная гаспадарка, спачатку пераложная, а потым трохпольная.

Мы сказалі цяпер, што самі фэўдалы ня былі паміж сабою роўныя. Але ня трэба ўяўляць справу і так, што нібыта адзін з іх панаваў, а другія, бязумоўна, падлягалі. Не. Калі дробныя фэўдалы кожную мінуту баяліся, што іх абрабуюць і зруйнуюць больш вялікія, дык і вялікія маглі змагацца з іншымі вялікімі фэўдала-