Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЧАСТКА І.

Першыя сталецьці расійскай гісторыі.

На расійскай нізіне чалавек зьяўляецца літаральна ў «незапомныя» часы, - калі ўся паўночная палавіна гэтай нізіны была схавана пад тоўстай карой лёду. Украіна сваім кліматам была падобна да цяперашняй Архангельскай губерні, і на яе тундрах пасьвіліся гурты мамантаў, дагістарычных сланёў, пакрытых густой даўгой поўсьцю. На гэтых мамантаў паляваў першы жыхар Расіі, іx мясам ён харчаваўся, з іх скуры рабіў сабе вопратку, з іх касьцей - прылады. Апрача гэтых касьцяных прыладаў, ён меў яшчэ груба абцесаную каменную сякеру і дубіну, і гэтым абмяжоўвалася ўся яго тэхніка. Сьляды адной стаянкі такіх паляўнічых на маманта знойдзены сярод цяперашняга гораду Кіева на некалькі сажняў глыбей сучаснага роўню глебы. Калі гэта было? У кожным разе, некалькі дзесяткаў тысяч год таму назад, ня менш. Ці былі гэтыя паляўнікі на маманта продкамі сучаснага насяленьня Эўропэйскай Расіі? Хутчэй за ўсё - не. Па меры таго, як зьмяняўся клімат[1], рабілася цяплей, ледавік усё звужаўся і звужаўся, і насяленьне, якое жыло па паўднёвым краі ледавіка, павінна было усё далей ісьці на поўнач і на ўсход, у цяперашнюю Сібір, да ледаватага акіяну. Туды пашоў і мамант, і там ён вымер: яго астачы (часамі з поўсьцю і мясам) і да гэтых пор часьцей за ўсё знаходзяць у лёдзе Сібіры. Магчыма, што вымерлі без астачы і людзі, якія палявалі на яго, а магчыма, што іх патомкі і да гэтых час бадзяюцца па берагох Ледаватага акіяну, у асобе сучасных самаедаў і лапароў, якія харчуюцца толькі ня мясам маманта, а яго малодшага сучасьніка, які застаўся, паўночнага аленя.

За дзесяткі тысяч год, што прашлі з тых час, насяленьне расійскай нізіны зьмянілася таксама, мабыць, не адзін дзесятак ра-

  1. Гэта зьмена клімату тлумачыцца рознымі прычынамі, галоўным чынам тым, што земная орбіта не заставалася аднолькавай ва ўсе часы існаваньня зямлі, а то удоўжвалася, то сьціскалася, рабілася больш падобнай да круга. Калі яна ўдоўжвалася, дых зіма рабілася даўжэй, лета карацей; з тае прычыны, што адначасна клімат у даўнейшы час быў больш вільготны, чымся цяпер, ад чаго сьнегу выпадала зімой вельмі шмат. і за кароткі час ён не насьпяваў растаць, - так утварыліся ледавікі. Па меры таго, як клімат рабіўся сушэй, а земная орбіта карацей, дык лета павялічвалася, ледавікі пачыналі раставаць і цяпер засталіся толькі каля канцавосься ды на самых высокіх горах.