Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ная Афрыка была занята французамі, яны прынесьлі туды й сваю тэхніку. Яны пачалі сьвідраваць зямлю і вельмі хутка дазналіся, што ў Сахары вада, уласна кажучы, ёсьць, толькі вельмі глыбока, але за дапамогай артэзіянскіх студняў, якія йдуць у зямлю на соткі сажняў, да гэтай вады дабрацца можна. Дастаўшы ваду з зямлі за дапамогай такіх студняў, французы наладзілі штучнае абвадненьне, і дзякуючы гэтаму зьяўляецца цэлы шэраг штучных оазаў, засаджаных фінікавымі пальмамі, якія даюць вельмі добры ўраджай. Фінікі ў гэтых краінах зьяўляюцца бадай што не галоўнай ежай, заступаючы арабу ўсё - хлеб, і мяса, і г. д. Так, з прычыны перавагі эуропэйскай тэхнікі, удаецца зрабіць раскошных садам тое, што людзі лічылі спрадвеку і назаўсёды няплоднай пустыняй.

Другі прыклад яшчэ больш новы і яшчэ больш дзіўны. З прычыны навейшых посьпехаў навукі, людзі дабіліся магчымасьці ня толькі ствараць расьліннасьць там, дзе раней нічога расьці не магло, але й ствараць зусім новыя віды расьліннасьці, якіх раней ня ведалі. Так, адзін амэрыканскі вучоны садоўнік Бэрбанк дабіўся новай пароды дрэва - валоскага арэху, якое дасягае поўнага росту і сьпеласьці за 14 год, г. зн. удвойчы хутчэй, чым яно звычайна расьце, дабіўся сьлівы бяз костачкі, маліны з ягадамі даўжынёю на вяршок, - усяго гэтага ўдалося дасягнуць не за соткі год, намаганьнямі многіх пакаленьняў, а аднаму чалавеку, які ўладае ўсімі сучаснымі навуковымі сродкамі, на працягу аднаго свайго жыцьця.

Такім чынам, чалавек залежыць ад прыроды, і гісторыя йдзе хутчэй, або павальней, у залежнасьці ад тых прыродных умоваў, у якія пастаўлен той ці іншы народ. Але гэтая ўлада прыроды над чалавекам не бязьмежна. З прыродай чалавек можа саўладаць, і асновай гаспадаркі зьяўляецца прырода. Прырода толькі матэрыял для гэтай гаспадаркі. Асновай гаспадаркі зьяўляецца чалавецкая праца; чымса гэтая праца больш дасканала, чымся яна больш упартая і ўмелая. тым меней чалавек залежыць ад прыроды. І ня цяжка прадбачыць, што ў будучыне, калі навука й тэхніка дасягнуць дасканаласьці, якой мы сабе ўявіць ня можам, дык прырода будзе ў руках чалавека мяккім воскам, з якога чалавек зробіць усё, што яму трэба.