ня рыхтавалі на цара,-у яго быў старэйшы брат, які памёр ужо дарослым. Насьледаваўшы ад гэтага брата становішча «насьледніка», разам з яго нявестай (якая яшчэ цяпер жыве, Марыя Фёдараўна), Аляксандар ужо ня мог нагнаць страчанае на частцы падрыхтоўкі да будучай сваёй годнасьці. Аднак, пры яго здольнасьцях наўрад ці памагла-б і падрыхтоўка. Ад яго таксама застаўся дзеньнік, некалькі тоўстых томаў, дзе ён дзень у дзень апісвае, што ён еў, піў, калі клаўся спаць, у каго быў у госьцях, хто ў яго быў у госьцях. Калі-б яго фурман або лёкай вялі дзеньнікі, то яны, відаць, былі-б такія самыя, толькі іменьні былі-б другія. З дзеньніку відаць, паміж іншым, што Аляксандар II-гі глыбока ненавідзеў свайго сына і з сваёй політыкай зусім яго не знаёміў: ні аб дагаворы з Нямеччынай, ні аб сэкрэтнай згодзе з Аўстрыяй насьледнік нічога ня ведаў. Пад канец жыцьця, калі, заўдавеўшы, Аляксандар II-гі жаніўся на сваёй фаварытцы, княжне Доўгарукай, бацька і сын зусім адхіліліся адзін ад аднаго. Пакуль на бацьку палявала «Народная Воля», мы знаходзім сына штодня то ў балеце, то ў цыганоў, і вельмі часта ён прызнаецца ў сваім дзеньніку, што ён лёг спаць у 3-4 гадз. раніцы з цяжкою галавою. Прывычка піць не пакінула Аляксандра III-га і на прастоле, толькі ён сароміўся цяпер гуляць адкрыта, у кампаніі другіх вялікіх князёў і афіцэрства, як раней, а напіваўся адзін, «па-фельдфебельску» - або ў кампаніі свайго галоўнага ахоўцы, генэрала Чэрэвіна. Ад алькоголізму ён і памёр, нажыўшы сабе хронічную хваробу нырак, яшчэ маладым у 1894 г., не дажыўшы і да 50-ці год, ня гледзячы на свой асілкавы склад цела.
Толькі за Мікалаем II-м Расія даведалася, што на расійскім прастоле можа быць яшчэ большая нікчэмнасьць, чым Аляксандар III: раней здавалася, што ніжэй спусьціцца дынастыя «Романовых» ужо ня можа. А тымчасам панаваньне гэтага тупога, абмежаванага, п'янога чалавека «склала эпоху», як кажуць: «80-я гады» цёмным пасам перасеклі гісторыю расійскай інтэлігенцыі і расійскай культуры наогул. Нешта прыпынілася, нешта пераламалася. Нельга было прыдумаць лепшага доваду, як мала значыць асоба ў гісторыі, і на якім нібыта сапраўдным шляху стаялі нарадавольцы, трацячы лепшыя рэволюцыйныя сілы, палюючы на каранаванага зьвера. Пэўны адбітак часу Аляксандра ІІІ дала не яго асоба, а знадворныя аб'ектыўныя умовы, у якіх была тады Расія.
Тады была пара пералому ў расійскай народнай гаспадарцы, а разам з тым і ва ўсім народным жыцьці. З чаго складаўся гэты пералом? Для ўразуменьня гэтага трэба вярнуцца крыху назад.
Мы бачылі, што няўдачная спроба заваяваць замежныя рынкі для расійскай мануфактуры, якая закончылася Севастопальскай вайною (гл. стар. 83-84), не прыпыніла працы расійскай народнай гаспадаркі на заграніцу. Толькі на загранічны рынак ішла цяпер не продукцыя расійскіх фабрык, а продукты расійскага земляробства