Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

поўсамастойнага княства, дзе поўным гаспадаром быў расійскі консул. У прычынах для народных забурэньняў недахвату тут ня было; турэцкая адміністрацыя і турэцкія памешчыкі таксама зьдзекваліся з сялян у гэтых краёх, як займалася гэтым адміністрацыя і памешчыкі ў Расіі, а па частцы організацыі аўстрыйскія і сэрбскія агенты былі здальнейшымі за «бунтароў». Туркі ўзяліся «усьцішаць» паўстаўшых з такім самым барбарствам, як рабіла гэта войска і паліцыя Аляксандра ІІ ў 1863 годзе ў Польшчы. Пажар распальваўся. Організавалі паўстаньне яшчэ ў Баўгарыі, туркі расправіліся з ім яшчэ больш жорстка. Урэшце сэрбскі князь ня мог ужо стрымаць абурэньня сваіх падданых: Сэрбія абвясьціла вайну Турцыі. Расійскі ўрад рабіў самы бязьвінны выгляд, - ён ня ў чым ня прымаў удзелу. А ў Расіі тымчасам газэты і славянскае дабрачыннае таварыства ў Маскве вялі самую энэргічную агітацыю. Рабіліся зборы на карысьць пакутнікаў ад «турэцкага зьверства», у концэртах сьпяваліся песьні і романсы, дзе чульліва апісваліся пакуты братоў-славян. Калі пачаласа сэрбска-турэцкая вайна, расійскі ўрад офіцыяльна «засьцерагаў» Сэрбію, а неофіцыяльна ў палацы насьледніка прастолу, будучага цара Аляксандра ІІІ, меў пасяджэньні камітэт, які кіраваў організацыяй сэрбскай арміі. Дзесяткі гвардзейскіх афіцэраў паехалі ў Сэрбію ў якасьці інструктароў і вайсковых спэцыялістых. На чале іх стаў заваявальнік Туркестану, генэрал Чарняев, якому за гэта офіцыяльна была выказана ганьба. А ў газэтах скрозь красаваў яго портрэт, як гэроя барацьбы за «вызваленьне славян ад турэцкага ярма». Газэтны гармідар зрабіў уплыў нават і на некаторых «бунтароў», якія пашлі дабравольцамі ў Гэрцэгавіну і Сэрбію,-значыцца апрача ўсяго іншага, урад Аляксандра ІІ меў і тую выгаду, што крыху пашкодзіў рэволюцыйнаму руху і аслабіў яго.

Подласьць усёй гэтай камэдыі зробіцца нам яснай, калі мы прыпомнім па-першае, што вайна з Турцыяй была надумана яшчэ ў 1873 годзе, а герцагавінскае паўстаньне пачалося толькі ў 1875, а па-другое, што Герцэгавіна была аддана Аўстрыі згодна сэкрэтнай умовы. Прастадушнай публіцы самым нахабным чынам замазвалі вочы. Вельмі добра ведалі, што і герцагавінцы і сэрбы будуць раздушаны туркамі, але якраз гэтае і патрэбна было, каб распаліць грамадзкую думку ў Расіі. Калі сэрбская армія была разьбіта, ніводзін «разумны чалавек» сярод расійскай буржуазіі ды інтэлігенцыі ня меў сумненьня, што мы павінны ваяваць. Аляксандар ІІ выехаў у Кішынёў, дзе было сьцягнута расійскае войска, прызначанае для дзеяньня супроць туркаў, і там, у красавіку 1877 году, урачыстым маніфэстам абвясьціў вайну Турцыі.

Да гэтых час усё йшло, як па нотах. Далей пайшло ня так гладка. Расійскі урад мог абманваць сваю публіку, у якой на вачох было цэнзурнае бяльмо, але абмануць ангельцаў, у якіх, як заўсёды шпіёнская організацыя была вельмі дасканалай, было ня так