ўтаіць (сама згода трымалася ў сэкрэце ад усяго сьвету). Расія прызналася толькі, што жадае яшчэ атрымаць Батум у Малой Азіі.
Калі з Аўстрыяй прыходзілася пускацца па хітрыкі, то з Англіяй зусім размаўляць было нельга: ангельскія рэакцыянэры (у тыя часы ўлада бадай скрозь у Эўропе была у руках рэакцыянэраў) ды іх лідэр Дізраэлі прыходзілі ў шаленства пры аднэй думцы, што Расія можа стаць на месцы Турцыі. Але, забясьпечыўшы сябе з боку Аўстрыі, ваяваць усё-ткі можна было: Англія на сухозем’і ня была страшная; калі-б ёй прышло ў галаву паўтарыць сэвастопальскую вайну, то Расія магла ёй цяпер адказаць ударам з Туркестану на Індыю. Як-бы там ні было, «дыплёматычная падрыхтоўка» паходу на Константынопаль была скончана. Лічылася скончанай і ваенная падрыхтоўка. Расійская армія мела цяпер артылерыю прускага ўзору-таго самага, які забясьпечыў перамогу прусакоў над французамі ў 1870 годзе. У 1872 годзе і расійская пяхота атрымала новую стрэльбу-сапраўды адну з лепшых у сьвеце ў тыя часы (бярданку); праўда, яе не пасьпелі раздаць усім палком, але на такую дрэнь, як туркі, і старая была годна, думалі генэралы Аляксандра ІІ. А лепшыя часьці гвардыі, грэнадзеры, тыя корпусы, што стаялі на заходняй граніцы супроць Аўстрыі (дружы, дружы, а камень за пазухай дзяржы) ужо мелі бярданкі. У 1874 годзе была ўведзена ўсеагульная вайсковая павіннасьць, што ў некалькі разоў павялічыла лік запасных.
Засталося падрыхтаваць грамадзкую думку расійскай буржуазіі. Тут у Аляксандра была вялікая практыка. Зразумела, «цар-вызваленец» ня мог выступіць у якасьці заваявальніка. Расійцы ў Туркестан ішлі, папершае, для таго, каб абараніцца ад пабегаў стэпавых вандроўнікаў (якія з аселымі сартамі ня мелі нічога агульнага), а падругое, для таго, каб вызваліць мясцовае насяленьне ад дэспотызму тубыльных ханаў: у знак гэтага, адразу-ж, як толькі расійскае войска заняло Хіву, там было скасавана нявольніцтва. Расійскія газеты з расчуленьнем гэта апісвалі. «Царом-вызваленцам» павінен быў увайсьці Аляксандар ІІ і ў Константынопаль. Каго «вызваляць»-было ясна: эўропэйская Турцыя была заселена славянамі праваслаўнай веры, значыцца «адзінавернымі і адзінакроўнымі» расійцамі, а туркі былі мусульмане, недавяркі. Для простага народу гэтага было-б, як відаць, і даволі. Але Аляксандар хацеў мець на сваім баку і «адукаванае грамадзтва»,-тут справа была больш складанай. Трэба было паказаць яскравы малюнак «прыгнечаньня» з аднаго боку, «барацьбы за волю»-з другога; да таго-ж і для Эўропы трэба было мець добрую прычыну, каб улезьці ў Турцыю. І вот, на сцэну было высунута, у 1975 годзе, герцэгавінскае паўстаньне.
Цяпер ня можа быць сумненьня, што паўстаньне ў Герцэгавіне (самы паўночна-заходні край тагочаснай Турцыі, каля аўстрыйскай граніцы) было організавана з Аўстрыі і з Сэрбіі-невялікага тады,