Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/141

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

г.-зн. зрабіць уплыў на ход гісторыі. Вот як уяўляе сабе Лаўров гэты ўплыў: «ідэал зараджаецца ў мазгох асобы, потым пераходзіць з гэтых мазгоў у мазгі іншых асоб, разрастаецца якасна ў павялічэньні разумовай і моральнай вартасьці гэтых асоб, колькасна ў павялічэньні іх ліку, і робіцца грамадзкай сілай, калі гэтыя асобы ўсьвядомліваюць сваю аднамыснасьць і адважваюцца на аднадушнае дзеяньне. Такім чынам нязначная меншасьць робіць гісторыю. А масы, а большасьць? «Большасьць была ахвяравана на аднастайную, утомную і нясупынную мірную працу на чужую карысьць, ня маючы часу для працы думкі, і таму заставалася няздольнай да ўжываньня сваіх вялізных сіл, для заваяваньня сабе права на разьвіцьцё, на сапраўдна-чалавецкае жыцьцё».

Ня масы робяць гісторыю - яны толькі ўгнаеньне для гісторыі. На гэтым тлустым угнаеньні вырастае ўраджай «асоб, якія крытычна мысьляць». Але гэтае ўгнаеньне жывое, і «асоба, якая крытычна мысьліць», ня можа гэтага не ўсьвядомліваць. «Член невялікай групы меншасьці» павінен сабе сказаць: «Кожная выгада жыцьця, якой я карыстаюся, кожная думка, якую я меў час набыць ці выпрацаваць, куплена крывёй, пакутамі або працай мільёнаў. Мінулае я выправіць не магу, і як ня дорага аплачана маё разьвіцьцё, я ад яго адмовіцца не магу». Зло трэба выправіць, на колькі можна, а гэта можна зрабіць толькі ў жыцьці. Зло трэба зажыць. Я здыму з сябе адказнасьць за крывавую цану свайго разьвіцьця, калі ўжыву гэтае самае разьвіцьцё на тое, каб паменшыць зло ў цяперашнім і ў будучыне. Калі я разьвіты чалавек, дык я абавязан гэта зрабіць».

Такое разуменьне гісторыі атрымала ў нашай літаратуры назву «народніцтва». Сапраўды, народу тут вызначалася апошняе месца: ён пакутуе, ён працуе, а думаюць за яго і выратоўваюць яго «асобы, якія крытычна мысьляць». Гэта разуменьне гісторыі іменна буржуазнае, і ад таго буржуазнага разуменьня гісторыі, аб якім мы казалі ва ўводзінах да гэтай кніжкі, яно адрозьніваецца толькі тым, што вялікая прадпрыемчая буржуазія нахабна карыстаецца працай і пакутамі мас, знаходзячы іх зусім «натуральнымі», а «асоб, якія крытычна мысьляць» вялічаюць «падбухторнікамі» і «злонамернымі агітатарамі», у той час, як Лаўров і народным масам і гэтым асобам спачувае. Гэта паказвае, што народніцтва ёсьць навука, якая паўстала не сярод клясы прадпрыемцаў, а сярод клясы, якая адчувае на сабе ўціск прадпрыемцаў, але ад прадпрыемчага спосабу думак адмовіцца ня можа. Народніцтва ёсьць грамадзкі съветапагляд дробна-буржуазнай інтэлігенцыі, - сьветапагляд «грамацея-дзесятніка», які не запомніў мужыцкай хаты, дзе ён вырас, які ўсьвядомлівае сваю віну і свой абавязак перад народам, але які ўсё-ткі камандуе гэтым народам і пазірае на народ з гары ўніз.