Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

эўропэйцы, якія прынесьлі з сабой эўропэйскую культуру, г. зн. эўропэйскую практыку і спосабы працы.

Калі мы ад гэтых агульных прыкладаў пяройдзем беспасрэдна да Расіі, гісторыю якой мы будзем далей разглядаць, дык мы ўгледзім, што прыродныя ўмовы ўсходня-эўропэйскай нізіны, якую заняў расійскі народ, вызначаюцца вялікай суровасьцю. У нас доўгая зіма, кароткае лета. З гэтай прычыны ў нас сельска-гаспадарчыя працы займаюць толькі меншую частку часу. У сярэдняй Расіі араць, сеяць, жаць і г. д. прыходзіцца на працягу 5 м-цаў. Калі мы возьмем суседнюю з намі Нямеччыну, дык мы угледзім, што сельскай гаспадаркай можна займацца ўжо на працягу 7 м-цаў, г. зн. большую частку году можна выкарыстаць для гаспадаркі, у той час як у нас, у Расіі, большую частку году зямляробам няма чаго каля зямлі рабіць. А калі пойдзем яшчэ далей на захад, у Францыю, на берагі Атлантычнага акіяну, дык мы угледзім такія кліматычныя ўмовы, якія дазваляюць чалавеку працаваць і зіму, словам, цэлы год. Так, у брэтанскіх сялян[1] і нават у гароднікаў у ваколіцах Парыжу, увесь год на полі што-небудзь расьце, і гародніна проста так і падзяляецца на зімнюю і летнюю. Лёгка дагадацца, што ў гэтых краінах, дзе можна працаваць на зямлі цэлы год, вытворчасьць працы зямляроба павінна быць куды вышэй, чым там, дзе ён працуе толькі меншую частку году. Іншымі словамі, назьбіраньне усяго дабра ў гэтых краінах ідзе куды хутчэй. Такім парадкам, з прычыны нашага суровага клімату, гаспадарчае разьвіцьцё Расіі павінна было адбывацца больш паволі, чым у іншых краінах. якія знаходзяцца ў лепшых умовах.

Натуральна, што, пакуль галоўным заняткам расійскага народу, бадай што выключным яго заняткам, было зямляробства, Расія вельмі адставала ад іншых краін. Яна пачала іх даганяць толькі з тых час, як у Расіі пачала разьвівацца апрацоўчая прамысловасьць, зьявіліся фабрыкі і заводы. Апошнія-ж могуць пераапрацоўваць і сырызну, што прывозіцца, г. зн. пераапрацоўваць ня толькі тое, што расьце у самой Расіі, а і тое, што атрымліваецца здалёк. Нашыя паркалёвыя фабрыкі пераапрацоўваюць бавоўну, якая вырасла ў Туркестане або Амэрыцы. Гандаль і прамысловасьць, такім чынам, надзвычайна прысьпяшаюць разьвіцьцё гаспадаркі і робяць яе менш залежнай ад прыродных умоваў.

Але тут даводзіцца сказаць, што з боку адносін да разьвіцьця гандлю, Расія таксама была пастаўлена ва ўмовы менш спагадныя, чым краіны сярэдняй Эўропы. Яшчэ і цяпер лепшым гандлёвым шляхам зьяўляецца вада. Самым лепшым шляхам зносін паміж асобнымі краінамі зьяўляецца мора. Даўней, калі ня было чыгунак, яно было ядыным шляхам зносін. Больш вялікі гандаль можна было весьці толькі морам, а сухім шляхам можна было перавозіць толькі не-

  1. Брэтань - самая заходняя частка Францыі.