Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бельніцамі. Першым іх пачуцьцём была ненавісьць да гэтых шыбельных парадкаў і да цара-вешацеля.

Па меры таго, як адбывалася гэтае панаваньне, ненавісьць павінна была павялічацца. Мы ужо бачылі часткова, у якое становішча паставіў Мікалай інтэлігенцыю (гл. вышэй стар. 97-98). І раней была паліцэйская выведка, і раней былі розныя сэкрэтныя прыказы канцылярыі ды экспэдыцыі, але да Мікалая ўсяго гэтага цары ды іх сьвіта нібы крыху сароміліся. Адзін Пётра «працаваў» асабіста «засьценку» але гэта была, пасвойму, рэволюцыйная эпоха, ды Пётра і за ўсё браўся асабіста: сам і караблі рабіў, і зубы рваў, «сам ружьем солдатским правил, сам и пушку заряжал», як сьпяваецца ў вядомай песьні. Мікалай «сам» займаўся толькі дзьвюма рэчамі: муштрамі салдатаў (умеў рабіць стрэльбавыя хваты «як лепшы ефрэйтар», згодна адозвы аднаго паклоньнніка) і паліцэйскім адшуканьнем. Сэкрэтная экспэдыцыя зрабілася пры ім трэцім аддзяленьнем уласнай яго вялікасьці канцылярыі. Яго начальнік, шэф жандараў, гэта знача, галоўны начальнік усіх політычных шпіёнаў, быў аднэй з першых асоб у дзяржаве: на гэтую пасаду назначаліся самыя блізкія да цара асобы. Па ўсіх вялікіх гарадох былі афіцэры «корпуса жандараў», якія пільна сачылі за ўсім грамадзкім жыцьцём. Каб падаць вагі гэтым шпіёнам у вачох грамадзтва, ім далі вайсковыя чыны і вайсковы мундзір. Гэта было добра ў тых адносінах, што той, «пал да мундзіра», аб якім піша Чацкі ў «Горе от ума» і які разьвіўся пад уплывам вайны 1812 году, калі у кожным, хто насіў мундзір, бачылі «абаронцу айчыны», хутка пагас, і ў моладзі, напрыклад, 60-х гадоў зьмяніўся зусім супроцьлеглым пачуцьцëм, так што людзі вельмі паважаныя пакутавалі ад моладзі толькі за тое, што на іх быў вайсковы мундзір. Але якая была бессаромнасьць самаўладзтва і прыгнечанасьць так званага адукаванага грамадзтва, калі царскія шпіёны маглі гуляць сярод гэтага грамадзтва зусім відочна, у асаблівым мундзіры, які адрозьніваў іх ад усіх, і не рызыкаваць, што іх прагоняць з сходу, паб'юць, заплююць і т. п.?

Прадметам нагляданьня «корпуса жандараў», была, зразумела, усё так самая інтэлігенцыя: з купцамі ці памешчыкамі жандарам ня было чаго рабіць. Да купцоў, аднак, яны часамі дабіраліся, але выключна з боку іх кішэні. У вачох-жа інтэлігенцыі жандарскі мундзір нібы ажыцьцявіў сабою ўсё мікалаеўскае панаваньне. Гэта добра адбілася ў вядомым вершы Лермантава: «Прощай, немытая Россия, страна рабов, страна господ. И вы, мундиры голубые, и ты, им преданный народ». (Жандарскі мундзір толькі пазьней зрабіўся сіні, спачатку ён быў блакітны, больш яскравы). А Лермонтов яшчэ зусім ня быў рэволюцыянэрам, і калі трапіў на Каўказ (выяжджаючы туды ён і напісаў гэты верш), то проста за вельмі «вольныя» вершы, якія тычыліся, між іншым, сьмерці Пушкіна: пры вядомых нам звычках Мікалая, гэта быў сюжэт дражлівы. Зра-