Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сапраўды, 14 сьнежня 1825 году было першым і апошнім рэволюцыйным выступленьнем буржуазіі ў Расіі. Марыць аб констытуцыі буржуазія не пакідала ўвесь час, але надзеі яна ускладала выключна на царскую ласку. Яна падавала царом (асабліва Аляксандру ІІ) адрасы (просьбы) наконт констытуцыі ні адзін раз, але калі яна бачыла спробу рэволюцыі з боку соцыялістых, яна ў жаху кідалася ад гэтых бунтароў і пачынала пераконваць цара ў сваёй адданасьці, прапаноўваючы свае паслугі для барацьбы з «крамолай». Для буржуазіі сымболем веры зрабілася тое, што напісаў адзін з самых выдатных прадстаўнікоў буржуазнай думкі ў Расіі профэсар Кавелін: «Розныя абмежаваньні вярхоўнай улады ў Расіі, апрача тых, што выходзяць ад яе самой (гэта знача ўлады, а не Расіі), былі-б немагчымыя, і таму, як ілюзія і самаабман, станоўча шкодныя».

Чаму-ж гэта так было? Ці проста таму, што буржуазія, чым далей на ўсход Эўропы, тым больш подлая і трусьлівая, як напісана ў першым маніфэсьце расійскай рабочай партыі? Зразумела, і ў гэтай подласьці буржуазіі ёсьць свая «матэрыяльная падстава». Прамысловаму капіталізму ў пэрыод яго ўтварэньня патрэбен пролетарыят, гэта знача, патрэбна абезьзямеленьне сялянства, патрэбна «протэктарства айчыннай прамысловасьці», гэта знача, высокія мытныя пошліны, якія ўсім цяжарам падаюць на народную масу, урэшце, патрэбны замежныя рынкі, гэта знача, «патрасаючая Стамбул і Тэгеран дзясьніца». А для ўсяго гэтага патрэбна моцная цэнтральная ўлада, патрэбна монархія. А калі прыпамятаць яшчэ, што ў нас прамысловы капітал ніколі не кіраваў аднаўладна (як гэта было, напрыклад, у XІX веку ў Англіі і Злучаных Штатах), а ўвесь час павінен быў дзяліцца з гандлёвым, а таму была патрэбна ня толькі монархія, а і проста самадзяржаўе,-то політычная трусасьць расійскай буржуазіі робіцца больш чым зразумелай.

Народная рэволюцыя.

Няўдача дзекабрыстых на розныя пакаленьні сучаснай гэтаму здарэньню расійскай інтэлігенцыі зрабіла розны ўплыў. Старэйшае пакаленьне або трапіла ў поўнае халопства, як Сперанскі, які ўдзелам на судзе над дзекабрыстымі сьпяшаўся акупіць сваю «віну»: тое, што яго (без яго ведама) змоўнікі запісалі ў склад членаў «часовага ўраду»,-або аддалося мрочнаму роспачу, як сябра Пушкіна, Чаадаев, які напісаў сваё вядомае «Філософічэское пісьмо», у якім ён даводзіў, што ў Расіі няма будучыны, што яна адкалолася ад Заходняй Эўропы і засуджана на невуцтва і адзічаньне. За гэтае пісьмо Мікалай загадаў абвясьціць Чаадаева шалёным. Інакш аднеслася да здарэньня малодшае пакаленьне, тыя, што былі дзяцьмі ці падлеткамі ў той год, калі Мікалай пачаў сваё панаваньне пяцьма шы-