Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але ў супроцьлеглым стане непакой быў ня менш. Сьмерць Аляксандра была нечаканасьцю ня толькі для змоўнікаў, але й для яго самога і для ўсёй царскай сям'і. Аляксандар дзяцей ня меў, яму павінен быў насьледаваць другі сын Паўла, Канстантын, які быў намесьнікам тады ў Польшчы. Ён, аднак, ня вельмі даўно перад гэтым адмовіўся ад прастолу з тае прычыны, што ён жанаты не на прынцэсе, а на простай сьмяротнай, аднэй польскай дваранцы; сапраўды-ж яго прымусіў адмовіцца яго старэйшы брат, бо Канстантын сваім шалёным, баламутным характарам вельмі ўжо напамінаў нябожчыка бацьку, і для яго можна было чакаць таго самага ўдзелу. Але адмаўленьне Канстантына не пасьпелі апублікаваць,-яно ляжала ў запячатаным канвэрце ва Ўсьпенскім саборы, у Маскве. У вачох усіх, апрача царскай-сям'і, якая адна ведала справу, Канстантын быў насьледнік; калі атрымалася вестка аб сьмерці Аляксандра, усе прысягнулі Канстантыну, як цару. Справа ўскладнялася яшчэ тым, што і трэці брат, Мікалай Паўлавіч, ужо тады абяцаў будучага Мікалая Палкіна, і якраз у гвардыі яго не маглі цярпець. А тым часам, дзякуючы адмаўленьню Канстантына, ён рабіўся насьледнікам: з агню ды ў полымя.

Змоўнікі, у першую мінуту, ашаломленыя шэрагам нечаканасьцяй, угледзеўшы, што ў дварцы блытаніна ня меншая, чым у іх самых, набраліся бадзёрасьці. Пастаноўлена было выкарыстаць цяпер ужо не манэўры, а прысягу Мікалаю. Салдатам было расказана, што Канстантын зусім не адмовіўся, а яго ўхіляюць ад прастолу затое, што ён хоча даць Расіі констытуцыю. Разам з гэтым пусьцілі чутку, што ёсьць духоўніца Аляксандра, схаваная Мікалаем, якая салдатам паменшыла тэрмін службы (тады служылі ў салдатах 25 год), а сялянам дала волю. Салдаты слухалі прагла. У змоўнікаў, аднак, і ў гэтую мінуту ня было выразнай і цьвёрдай пастановы давесьці справу да ўзброенага бою з Мікалаем і тым войскам, якое засталося на яго баку. 14 сьнежня (дзень прысягі) правадыры змовы вывелі сваіх салдат на Сэнацкі пляц, дзе стаіць помнік Пётру, паставілі іх там у карз (квадратовая колёна) і пачалі стаяць, чакаючы, што да іх далучацца другія палкі. Тым часам увесь простанародны Пецярбург паўстаў на ногі. Вялізны натоўп народу запрудзіў Сэнацкі пляц і вакольныя вуліцы. У Мікалаеўскіх генэралаў кідалі каменьнямі і сьнежкамі, зрывалі з іх эполеты. Калі Мікалай з сьвітай адважыўся паказацца на пляцы, рабочыя, якія будавалі тады ісаакіеўскі сабор, прагналі яго паленамі; гэта сам Мікалай пасьведчыў у сваім дзеньніку. Пачыналася тое, да чаго змоўнікі былі падрыхтаваны менш за ўсё: народная рэволюцыя.

Тым часам у карэ на Сэнацкім пляцы, ня было нават і начальніка. Рылеев паказаўся на некалькі мінут, але потым пашоў дахаты. Яму гэта было прабачліва: ён быў дрэнны вайсковы (адстаўны дробны афіцэр), у дадатак хварэў у гэтыя дні. Але змоўнікамі быў назначаны спецыяльны «дыктатар», гвардзейскі палкоўнік князь