Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

моне; таму-то расійскі народ і расійскае войска пакутуюць, што слухаюць цароў». «Якое кіраваньне сходна з законам божым? Такое, дзе няма цароў. Бог стварыў усіх нас роўнымі і, прышоўшы на зямлю, выбраў апосталаў з простага люду, а не з вяльмож і цароў. Значыцца, бог ня любіць цароў? Не. Яны праклятыя ім, як угнятальнікі народу, а бог ёсьць чалавекалюбец». У пацьвярджэньне падаецца вынятка з старога завету, дзе сапраўды напісана, што тых, хто выбраў сабе цара, бог пакіне слухаць. «Значыцца, і прысяга царом праціўная богу? Так, праціўная богу. Цары прадпісваюць прымушаныя (вымушаныя) прысягі народу на пагібель яго».

Зусім відочна, што Мураўёў-Апостал рыхтаваў сваіх салдат да паўстаньня не ў імя констытуцыі, а ў імя рэспублікі: паўдзённыя змоўнікі былі рэспубліканцы. Такі быў і іх правадыр, самы выдатны чалавек-змоўнік, палкоўнік Пэстэль. Ён разумеў (часткова ён мог гэта проста бачыць на прыкладзе Польшчы, гл. вышэй), што констытуцыя, пакуль на яе баку не стаіць уся народная маса, будзе толькі заслонай, за якую будзе хавацца толькі тое самае самадзяржаўе, а што народная маса, прыгонныя сяляне не спакусяцца тэй поўволяй, поўабрабаваньнем, якое ёй абяцалі проекты большасьці дзекабрыстых. Не жадаючы раздражняць апошніх, Пэстэль на словах згаджаўся на ўзнагароду памешчыкам за скасаваньне прыгоннага права: але затое ўсю зямлю ў сваім проекце, названы ім «Русской Правдой», ён аддаваў народу. Гэтым ён спадзяваўся прыцягнуць на бок новых парадкаў усіх, хто быў зацікаўлены ў зямлі, гэта знача, усіх сялян і салдат, якія былі таксама з сялян. Адначасна Пэстэль вельмі добра разумеў, што бяз самага рашучага рэволюцыйнага бою і бяз тэрору зламаць самадзяржаўе ня ўдасца: ён рыхтаваў усё да вялізнага ўзброенага паўстаньня (ён спадзяваўся мець на сваім баку цэлы корпус, гэта знача, 40 тысяч салдат), якое павінна было скончыцца зьнішчэньнем усіх «Романовых». Тады, думаў Пэстэль, справа будзе ўжо моцнай, і часовы рэволюцыйны урад за некалькі год зьменіць усю Расію.

Пэстэль дабіўся таго, што згодніцкі «Союз Благоденствия» быў заменены сапраўдным сэкрэтным рэволюцыйным таварыствам. Было ўмоўлена, што паўстаньне пачнецца ўлетку 1826 году, у час манэўраў на поўдні. Сыгналам павінна было зьявіцца забойства Аляксандра І. Потым паўстаўшая армія павінна была пайсьці на Маскву і Пецярбург, прымусіць вышэйшыя ўстановы імпэрыі - цывільную і царкоўную - сэнат і сынод прызнаць часовы рэволюцыйны ўрад, які павінен быў потым узяцца за ліквідацыю старога ладу. Плян гэты праваліўся яшчэ да вызначанага тэрміну. Навокал Пэстэля знайшліся здраднікі, і ён быў арыштаваны ў пачатку сьнежня 1825 году. Яшчэ двума тыднямі раней памёр Аляксандар І, памёр зусім нечакана-яму ня было яшчэ і 50 год. Змоўнікі без правадыра апынуліся перад зусім новым становішчам.