Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

якую паказваюць толькі людзям, што карыстаюцца давер'ем гаспадара. Такім самым сакрэтам прасякнута і жыцьцё дзяржавы, створанай гандлёвым каліталам. Росьпісь дзяржаўных прыбыткаў і выдаткаў, напрыклад, тады не друкавалася і яе ніхто ня ведаў, апрача цара і некалькіх міністраў. Усе пасяджэньні вышэйшых дзяржаўных устаноў былі зачынены, а найбольш важныя з іх — нават сакрэтныя: расказаць тое, што адбывалася на пасяджэньні, было праступкам большым, чым даць судовую даведку. Не дазвалялася агалоска самых звычайшых фактаў, калі яны мелі адносіны да дзяржаўнай улады і яе прадстаўнікоў, хоць-бы самых дробных. Герцэна выслалі з Пецярбургу за тое, што ён напісаў у пісьме да свайго айца, што адзін гарадавы забіў прахожага. Другі выпадак яшчэ лепшы. У дзень імянін імпэратрыцы Аляксандры, жонкі Мікалая І, у Пецяргофе наладжвалася раскошная ілюмінацыя, на якую з Пецярбургу зьяжджаліся тысячы гледачоў; аднойчы два параходы з такой публікай спаткаліся, і адзін утапіўся. Шмат людзей загінула, але аб гэтым гаварылі цішком, бо дзеля таго, што тут замяшаліся імяніны імпэратрыцы, справа не павінна была агалашацца. На кожнай, больш-менш, дзелавой паперы стаяў надпіс: «сакрэтна». Гэта захавалася да навейшага часу на паперах дыплëматычных, якія тычацца зносін з другімі дзяржавамі: у міністэрстве замежных спраў да 1917 г. несакрэтных папер ня было, і калі хацелі адзначыць што-небудзь, якое сапраўды павінна быць захована у сакрэце, то пісалі «толькі для міністра» (або «для вас»), «зусім давярыцельна» і т. п., бо слова «сакрэтна» ўжо нічога не выражала,-усё было сакрэтна.

Захавальнікам гэтых дзяржаўных сакрэтаў было чыноўніцтва. Чыноўніцтва або бюрократыя (барбарскае слова, складзенае з двох: францускае «бюро», што азначае стол для пісаньня, і грэцкае «кратос», што азначае сіла, па-беларуску - «столакіраўніцтва» або «кабінетаўладзтва») складае такую самую патрэбную прыналежнасьць прыгоньніцкай дзяржавы, як барбарская сыстэма кар або канцылярская сакрэтнасьць. Пры сакрэтным патаемным кіраўніцтве ўсё робіцца на паперы. Як за дэмократыяй высуваюцца людзі, якія ўмеюць гаварыць, а ў фэўдальным сьвеце высуваліся людзі, якія умелі добра біцца, так за панаваньнем гандлёвага капіталу высуваюцца людзі, якія умеюць добра пісаць: ня проста добра пісаць, ня пісьменьнікі, а тыя, што ўмеюць добра пісаць «дзелавыя паперы», г. зн., якія заблытанай і «кручкатворнай» мовай выкладалі «дзяржаўную сакрэтанасьць». Гэтая чыноўніцкая «тарабаршчына» сама па сабе была сакрэтам, які аддзяляў дзяржаўныя справы ад няпрысьвечаных. Ня толькі простыя людзі, але і начальства, якое не прайшло чыноўніцкай школы, не разумела тых папер, якія падпісвала. Ніякі унівэрсытэт ня мог беспасрэдна сам па сабе падрыхтаваць да чыноўніцкай кар'еры: маладога чалавека, які кончыў курс навукі, садзілі ў канцыля-