Старонка:Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе.pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мог даць кату хабар, то ён і пасьля вялікага ліку ўдараў заставаўся жывы і нават бадай здаровы. Вельмі гнуткая была кара і таму ў дубальт выгодная. Для дваран, аднак, Кацярына зусім скасавала бізун,-ён застаўся толькі для подлых людзей. Яе сын, Павал, аднавіў бізун і для дваран, ды, дарэчы, прыдумаў і замену бізуна, увёўшы для вайсковых прагон праз строй. Засуджанага вялі паміж двох радоў салдат, узброеных палкамі; кожны павінен быў выцяць, і начальства глядзела, каб білі, як трэба. Праганялі праз батальён, г. зн. 1000 чалавек, і цераз полк, г. зн. 4000 чалавек, апошняга, як і 100 удараў бізуном, ніхто не вытрымліваў: гэта зноў была замаскаваная, фальшывая форма сьмяротнай кары.

Усе гэтыя катаваньні адбываліся публічна, каб больш запалохаць народную масу. Але для тэй-жа мэты судаўніцтва было прыкрыта самай строгай сакрэтнасьцю. Ня толькі судзілі заўсёды пры зачыненых дзьвярах, але і ў залі пасяджэньня на было ні абаронцы, ні нават самога падсуднага. Перад судзьдзямі былі яго запісаныя паказаньні ды паказаньні сьведак, таксама запісаныя; на падставе ўсяго гэтага і рабіўся прыгавор, і падсуднага прыводзілі толькі для таго, каб яму гэты прыгавор прачытаць. Сакрэтнасьць ахоўвалася вельмі строга, выдаваньне простай даведкі з справы лічылася крымінальным праступкам. Само па сабе зразумела, што нельга й прыдумаць лепшай глебы для злоўжываньняў, чым такія абставіны; за грошы ў гэтым судзе ўсё можна было зрабіць: самага відочнага праступніка маглі пакінуць у «моцнай падазрэннасьці» і выпусьціць на волю. І гэта зусім натуральна, калі падумаць: суд меў на мэце ахоўваць інтарэсы гандлёвага капіталу і капіталістых; чалавек, які мог даць хабар, мае, мабыць грошы ў кішэні, значыць, хутчэй належыць да тых, каго ахоўваюць, чым да тых, ад каго ахоўваюцца. Як яму не паспрыяць? Як было пашырана хабарніцтва, добра ведаюць усе з літаратуры (з «Мёртвых душ» і «Рэвізора» Гогаля, напрыклад; толькі там па ўмовах цэнзуры часоў Мікалая, калі пісаў Гогаль, маглі быць паданы толькі самыя дробныя выпадкі хабараў, але ў вялікіх справах, аб якіх нельга было пісаць у друку, было, зразумела, тое самае). Даць хабар судоваму чыноўніку было такой самай звычайнай справай, як даць на гарбату лёкаю ці дворніку: за Мікалаем І сам міністар юстыцыі, Панін, даваў хабары, калі ў яго былі справы, прычым даваў іх нават у тых выпадках, калі на яго баку была праўда і справа павінна была кончыцца і яго карысьць згодна закону. Прывычка-другая прырода.

Сакрэтнасьць вісела ня толькі над судовым разглядам: сакрэтнасьцю было прасякнута ўсё жыцьцё прыгоньніцкай дзяржавы. Гандаль увесь пабудован на сакрэтах: купцы хаваюць адзін ад аднаго, ад пакупцоў сапраўдную цану тавару, яго пахаджэньне, яго колькасьць і г. д. Гандлёвыя кнігі - сьвятыня гандлёвага дому.