Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І за што? за што? (Зьве́сіў галаву і ня ўзнак уцірае сьлёзы).

ЗОСЬКА (падходзе і гладзе па галаве́ бацьку). Не марыкуйце ве́льмі, татачка! Кіньце ве́льмі бядаваць! Ня згінем на сьве́це… Што ж рабіць? Не́як-жа ды будзем жыць. Не маркоцьцеся, татачка. Я сягоньня сон добры сьніла.

ЗЬЯВА VIII.
ТЫЯ-Ж і СЫМОН.

СЫМОН (убягаючы). Тата! Чаго сядзіш? Дворныя сохі гародніну і пшаніцу завораваюць!

ЛЯВОН. Няхай завораваюць! Іх зямля — іх права.

МАРЫЛЯ (кашляючы). Дайце мне́ вадзіцы! душна мне! (Зоська падае́ вады, падтрымлівае матку — тая п’е).

СЫМОН. Калі іх зямля, то няхай зьядуць яе́, але дабро наша — мы се́ялі!

ЛЯВОН (наругаючыся). Мы се́ялі, а людзі жнуць ну дык што-ж табе́ з гэтага прыбудзе што, ці адбудзе? Га?

СЫМОН. Тата сваймі судамі гаспадарку ўсю прасудзіў, а цяпе́р апошняе двару на зьдзе́к аддаў!

ЛЯВОН. Не я аддаў, а зямля сама сябе́ аддала ім на зьдзе́к. Я, ты, пяты, дзесяты штосьці ёй не ўгадзіў, ну, дык і чураецца сваіх дзяце́й.

СЫМОН. Але нашае працы яна ня чураецца. І мы затое павінны бараніць яе́ ўсёй сваёй сілай.

ЛЯВОН (насьме́шліва). Ха ха-ха! Будзе бараніць тэй сілай зямлю ад людзе́й, што тая ж зямля і тыя людзі даўно гэту сілу забралі ад яго! Рузумненькі — няма чаго сказаць!

СЫМОН. У таткі забралі, але ў мяне́ яшчэ не пасьпе́лі, і ў мяне́ хопіць моцы ў крыўду ня дацца, я і ня дамся! (Хапае з-за лавы тапор і хоча бе́гчы, бацька адбірае).

ЛЯВОН. Ані мне́ важся чапаць іх! А не, то сваёй-жа рукой заб’ю цябе́ гэтым тапаром!