Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗОСЬКА. І маю цялушачку, што мамка аддала мне́ гадаваць сабе на пасаг калісь…

ЛЯВОН. Што ўспамінаць, чаго ня ве́рнеш! Кожын па часе мае розум. Я толькі хаце́ў праўды шукаць. Ха-ха-ха! Здурэў і праўды шукаў! (Водзячы вачыма па хаце пасьля некаторае паузы, панура, тужліва). Дзе́дава хата састарэлася, як і ён, нябошчык, трэ’-бала новую ставіць… З бацькам цягалі бярве́ньне… падарваўся стары, памёр… тады сам адзін мусіў кончыць… Цяжка было аднаму, але не́як даў рады, толькі нагу прыпсаваў, і хадзіць няма як роўна. (Глянуўшы ў вакно). З дзе́дам садок садзілі… Знаўся нябошчык як хадзіць каля дрэўцаў… сам уме́ў прышчэпляваць. Садок вырас. З бацькам ужо кожнага Спаса ме́лі што сьвяньціць… З зяме́лькай зжыўся, як з роднай маткай… Кожны каменьчык на полі і кожны кусьцік на сенажаці змалку ўжо знаў, як сваіх пяць пальцаў на руццэ… На гэтых гонейках пасьціў скаціну… араў, се́яў, касіў. А тут!.. Суд — вон выганяюць! Кінуць тую хату, скуль бацьку і матку на магілкі вывез, кінуць тое поле, дзе кожную скібіну потам крывавым скрапіў. Эх, эх! І я гэта маю дарма ўступіць адрачыся? Чалаве́к з зямлёй зрастаецца, як гэта дрэва: ссячы дрэўца — засохне, адбяры ў чалавека зямлю — згіне.

ДАНІЛКА. Дык хай-бы татка купіў ад двара.

ЛЯВОН. Купіў, купіў! А закон пазваляе такім як мы купляць? А чынш плацячы, я ня выкупіў гэту зямлю? Ды што ты знаеш…

МАРЫЛЯ (як-бы праз сон). А цяпе́р — на бадзяньне, на ве́чныя мукі, зьдзе́кі, на бадзяньне ве́чнае!.

ЗОСЬКА. Служыць ісьці ў чужую хату, да чужых людзѐй. У няволю ісьці!

ЛЯВОН (глуха). Чым я вінен? чым я вінен? Што любіў гэту зямлю, гэту родную нашу!.. За тое вінен я? За тое любіў яе́, каб яна мсьцілася нада мной, над намі і ў сьвѐт гнала… Ха-ха-ха! Зямля гоне тых ад сябе́, што з ве́ку у ве́к сьве́ньцяць яе́ сваёй крывёй гарачай і потам салоным!