Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МАРЫЛЯ. Можа да каго з суседзяў можна было-бы перабрацца да часу. Не прасіўся?

ЛЯВОН. Прасіўся і маліўся. У вадных няма ме́йсца, другія баяцца: адвячаць яшчэ, кажуць, будзем; з судам і законам ня жарты.

ЗОСЬКА. Дык як, будзе, татка?

ЛЯВОН. Так будзе, як будзе! Ты, Сымон і Данілка служыць пойдзеце, а я з маткай вашай і з ме́ньшымі жабраваць пайду. Вось што будзе!

ДАНІЛКА. І я пайду жабраваць. Не хачу служыць.

ЗОСЬКА (глуха). Служыць пойдзем!..

МАРЫЛЯ. У жабраніну ісьці!.. Божа, Божа!

ЛЯВОН (якбы сам да сябе́). Служыць і жабраваць! Ха-ха-ха! Зяблікі служыць і жабраваць! Бацькі і дзяды жылі на гэтым куску зяме́лькі. Ве́чна думалі жыць. Чынш плацілі, талаку рабілі ў двор, як паншчыну якую; пасеку карчавалі, будаваліся… ве́чна думалі жыці, а цяпе́р!.. Цяпе́р сын і ўнукі служыць і жабраваць… гаспадарскія сын і ўнукі. Ха-ха-ха! (Ідзе́ к парогу, п’е ваду і ўзноў садзіцца).

МАРЫЛЯ. Я казала, што нічога ня выйдзе. Ці з багатым бе́днаму судзіцца? Пакуль з багатага — пух, то з бе́днага дух. Цэлыя вёскі такіх, як мы, з хат у поле вывозілі ад пасе́ваў, ад усяго дабра.

ЛЯВОН. А чаму стараве́ры выйгралі, хоць пазьне́й за бацькавага дзе́да ў Баркох пасяліліся? Чаму?

МАРЫЛЯ. Бо, відаць, для іх права другое.

ЛЯВОН. Ня ўсё роўна людзі?

МАРЫЛЯ (кашляючы). Усё роўна, ды мусіць ня усё роўна. Але каб ня слухаў гэтага свайго адваката Клепатоўскага, то калі-б і выгналі, дык хоць гаспадарка асталася-бы, а так…

ЛЯВОН. А так прапала, ня ве́рнеш! На што дарма сабе і другім сэрца ад’ядаць.

МАРЫЛЯ. Жартачкі! Пяць гадоў судзіліся. Апошнюю карову і коніка сёлета прадаў. Апошнюю кароўку!