Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МАРЫЛЯ і ДАНІЛКА. Не, нямашака яшчэ.

СЫМОН. А дзе́дка ўсё госьціць у нас!

СТАРАЦ. Але, сынку мой. З мамкай тваёй загаварыліся аб справах вашых хатніх. Як уважаю, то ня лёганькі будзеце ме́ць сёлетні гадок.

СЫМОН. Э! Нічога, дзядочак. Пакуль будзе хоць якая малая магчымасьць, то не дадземся жыўцом ваўку ў зубы. Палядзіш!

СТАРАЦ. Сьмѐла, сынку мой, варожыш. Можа і недасіся ваўку ў зубы, але жыцьцё бярэ ў свае́ лапы, ох, як бярэ! Не такія яшчэ дужыя і сьмѐлыя здаюцца на яго ласку і няласку Так, так, сынку мой! Адвага наша — адно, а жыцьцё — другое, і найбольш ве́рх бярэ гэта апошняе.

СЫМОН. А мы з татам не папусьцімся, дык што-ж з намі гэта жыцьцё зробе?

СТАРАЦ. Тата ўжо ня дуж твой.

СЫМОН. Ну, то ў мяне́ сілы хопіць — за яго, за сябе́, за ўсіх нас.

СТАРАЦ. Дай Божа, дай Божа, каб табѐ гэтай сілачкі ставала да канца жыцьця. Бяда толькі, што сіла людзкая не заўсёды на дабро ідзѐ.

СЫМОН. Я і ня думаю з сваёй сілай у цемнякі, ці разбойнікі пайсьці.

СТАРАЦ. Не кажу табе́ гэтага, сынку мой, але моладасьць сваё права мае. Я сам быў маладым!

МАРЫЛЯ. Нічога яму дзѐдка не ўгаворыш. Ні такой падатлівай натуры ён у мяне́ ўдаўся. Хоць галавой наложыць, а свайго мусіць дапяць.

ДАНІЛКА. Сымонка, ты па мне́ пайшоў: і я хоць галавой налажу, а скрыпачку такі зраблю сабе́ новую!

СЫМОН. Які я ўжо ўдаўся, такі і буду, а свайго ў крыўду не папушчу, хоць-бы там сьве́т да гары нагамі перакуліўся. Бяда — часу няма бале́й гаварыць аб гэтым. Пайду, можа тату сустрэну. Карціць мянѐ даве́дацца, што там яму ў дварэ сказалі.